Галоўны дарадца Трампа прапанаваў СМІ маўчаць і слухаць
Галоўны стратэгічны дарадца адміністрацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Стывен Бэнан назваў асноўныя СМІ краіны "апазіцыйнай партыяй" і прапанаваў ім маўчаць, перадае Бі-Бі-Сі.
Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю газеце New York Times. На думку Бэнана, амерыканскія СМІ зганьбілі самі сябе з-за няздольнасці прадказаць перамогу Трампа на выбарах. Як вядома, асноўныя СМІ ЗША падчас перадвыбарнай кампаніі падтрымлівалі Хілары Клінтан.
Галоўны стратэг Трампа сказаў: "Сродкі масавай інфармацыі павінны адчуваць сорам і прыніжэнне, маўчаць і проста слухаць". Ён мяркуе, што журналісты не разумеюць уласную краіну і дагэтуль не зразумелі, чаму Дональд Трамп стаў прэзідэнтам Злучаных Штатаў.
62-гадовы Бэнан падчас выбараў узначальваў штаб Трампа. У лістападзе 2016 года ён быў прызначаны галоўным стратэгам і старэйшым дарадцам прэзідэнта.