Ганна Шадрына: Я была б рада, калі б да мяне прыходзілі не толькі самотныя
Былая намесніца рэдактара "Советской Белоруссии" ладзіць семінары для самотных жанчын. Што значыць — быць самотным — Ганна Шадрына расказала ў эфіры Еўрарадыё.
Еўрарадыё: Самотным быць сорамна?
Ганна Шадрына: Наогул, я думаю, што казаць пра сваё асабістае не стала пакуль нашым звычаем, дый тэма “парнасці” ці “няпарнасці” вельмі далікатная. На ўзроўні маральнасці ў нас дзейнічаюць яшчэ каноны, што ўтварыліся ў класічную эпоху. Тое, што мы сабе ўяўляем пра правільны спосаб жыцця, не заўсёды адпавядае таму, як мы жывем. Калі мараль нам дыктуе знаходзіць партнёра на ўсё жыццё, то на практыцы, як мы ведаем, такое здараецца рэдка. Людзі маюць колькі партнёраў за жыццё і ў пэўныя перыяды бываюць самотнымі.
Еўрарадыё: Можа варта было б увесці новае слова? Бо і слова “самотны”, і расійскае “одинокий” гучыць неяк сумна.
Ганна Шадрына: І ў беларускай, і ў расійскай мове ў гэтага слова ёсць псіхалагічная канатацыя. У гэтых словах значэнне самотнасці ўспрымаецца як псіхалагічны стан, непрыемны і цяжкі досвед. У англійскай мове ёсць слова, якое абазначае статус у адносінах – “single”. Калі па-англійску мы кажам пра самоту, то выкарыстоўваем слова “loneliness”. Апошняе значыць ужо псіхалагічны стан з афарбоўкай.
Еўрарадыё: Палякі ўжо ўвялі слова “single” і ўжо не ўжываюць “кавалер” ці “старая панна”.
Ганна Шадрына: Мая ўлюбёная амерыканская кніжка – “The new single woman” у перакладзе на польскую мову называецца “Nowa syngelka”. Мне гэтак спадабалася!.. На жаль, я адна не магу вынайсці новага слова, бо, каб сфармавалася новае слова, неабходныя сацыяльныя ўмовы. З’ява гэтая ўжо будзённая, але дагэтуль яна не стала заўважальнай, бо дагэтуль мы азіраемся на мараль і параўноўваем сябе з канонам “парнасці”.
Еўрарадыё: Першы твой семінар будзе мець назву “Альтэрнатыўны Валянцін”. Ён адбудзецца якраз у дзень закаханых. З чаго складаюцца твае семінары?
Ганна Шадрына: Асноваю семінараў з’яўляецца маё даследаванне, якое я раблю з 2005 года, калі я паступіла ў гендэрную магістратуру ЕГУ. Там я абараніла магістарскую дысертацыю, якая называлася “Нова самотная жанчына ў постсавецкай Беларусі”. Цяпер я працягваю праводзіць гэтае даследаванне і працую над кнігай. Я бяру інтэрв’ю ў жанчын, і ў працэсе даследавання назбірала шмат цікавай інфармацыі.
Перш за ўсё, гэта інфармацыя аб прычынах нашага выбару. Усе людзі без выключэння робяць у жыцці выбар: шлюбны выбар, рэпрадуктыўны выбар. Так або сяк людзі маюць з гэтым дачыненне. Ёсць розныя прычыны, чаму людзі паводзяць сябе так ці інакш. Ёсць прычыны сацыяльныя, ёсць асабістыя, якія сыходзяць каранямі ў гісторыю нашай сям’і. Ёсць прычыны, якія заўважыў псіхааналіз, звязаныя з пэўнаю працаю нашай псіхікі.
Таксама ў мяне назбіралася інфармацыя пра тое, што трэба рабіць калі актуальная жыццёвая сітуацыя цябе не задавальняе. Ёсць метады даследаваць сямейную гісторыю... Для таго, каб штосьці рабіць, трэба перш заўважыць, што стаіць на перашкодзе. Каб гэта заўважыць, я і прапаноўваю наведаць мае семінары. Я даю інструмент, каб даследаваць сваю гісторыю ды свае дачыненні з тымі з’явамі, якія здараюцца ў нашым жыцці.
Еўрарадыё: Ці будуць іншыя эксперты, напрыклад, з галіны псіхалогіі?..
Ганна Шадрына: Паводле аб’ёму і тэмы я кампетэнтная гаварыць самастойна. Раз гэты праект прывязаны да кнігі, тог ён выглядае як мой індывідуальны праект. Магчыма, што на нейкім этапе да мяне падключацца іншыя людзі і гэта зможа перарасці ў нейкі цэнтр самадапамогі. Я толькі пачынаю і не ведаю, якія будуць водгукі і наколькі гэта будзе патрэбным і карысным. Я адкрытая на ўсё, што можа адбыцца, але пакуль я нічога сказаць не магу.
Еўрарадыё: Адкуль ты шукала інфармацыю і наколькі паўплываў твой асабісты досвед на тое, што ты ладзіш гэты семінар?
Ганна Шадрына: Інфармацыя, што датычыць філасофіі, псіхалогіі, гісторыі была набытая перш за ўсё ў магістратуры ЕГУ. Я дагэтуль захоўваю сувязі з маёй навуковай кіраўніцай Аленай Іллінічнай Гапавай ды з іншымі сацыёлагамі, акадэмікамі, якія ахвотна дзеляцца са мною інфармацыяй. Я ўдзельнічаю ў некаторых навукова-даследчых праектах і стараюся падтрымліваць сваю акадэмічную базу. Я ўвесь час чытаю розныя кнігі. На жаль усе кнігі на маю тэму напісаныя па-англійску, але гэта прынамсі дазваляе мне развіваць англійскую мову. Што ж да практык самадапамогі ці псіхалагічнай дапамогі, то гэта ўсё мой асабісты досвед. Усё, пра што я кажу і магу рэкамендаваць, я сама прайшла і адсеяла ў той ступені, наколькі гэта працуе са мною. Я кажу толькі пра свой досвед. Гэта было карысна для мяне і я прапаную іншым скарыстацца гэтым.
Еўрарадыё: Цікава на каго скіраваны семінар. Ці прыходзіць варта толькі самотным асобам, ці і тым, якія хочуць даведацца пра самотнасць?
Ганна Шадрына: Адна жанчына напісала на старонцы, ці можа яна прыйсці на семінар, калі мае рамантычныя адносіны. А як жа! Я б была рада, калі б да мяне прыходзілі не толькі самотныя. Я не адрасую свайго семінару людзям з нейкім выключным парным статусам. Думаю, што тыя пытанні, якія я ўздымаю, могуць быць цікавыя для ўсіх. Як я ўжо казала, гэтыя тэмы так або інакш прысутнічаюць у нашым жыцці незалежна ад таго, ці маем мы пару цяпер, ці не.
Еўрарадыё: Назва тваёй кнігі “Чаму я адна. Прывілеі адзіноты.” Распавядзі, калі ласка, што гэта будзе за кніга? Ці гэта будзе псіхалагічная падтрымка самотным жанчынам?
Ганна Шадрына: Не. Гэта не будзе псіхалагічная падтрымка, бо я не псіхолаг. Гэта апавяданне. Калі я пачынала свае даследаванні, гаворка ішла толькі пра жанчын вакол трыццаці, якія не маюць рамантычнага партнёра і перажываюць праз няпэўнасць, ці будцць яны маткамі ды як яны змогуць стаць маткамі. Гэта былі адмысловы гісторыі і яны адмыслова гучалі. Калі я пачала чытаць болей на гэтую тэму, пачала знаёміцца з іншымі жанчынамі. Мае далягляды пашырыліся не толькі вакол жанчын трыццаці год, але таксама і вакол саракагадовых і пяцідзесяцігадовых жанчын. Іншыя гісторыі гучаць інакш. Напрыклад, жанчына пасля сарака год (калі яна паспяховая) расказвае пра тое як яна рэалізавала свой патэнцыял у прафесійным сэнсе, а справа рэалізацыі партнёрства ўжо не такія як у трыццаць год.
Я хачу паказаць, што ёсць такія гісторыі, а ёсць іншыя. Паказаць, што жыццё не стаіць на месцы і тыя жанчыны, у якіх я брала інтэрв’ю пяць-шэсць год таму – іх асабісты кантэкст мяняецца. Хтосьці бярэ шлюб, хтосьці знаходзіць партнёра, хтосьці разводзіцца, хтосьці нараджае дзіця без партнёра – жыццё змяняецца і не трэба журыцца. Можа так здарыцца, што ў вас ніколі не будзе партнёра, а вы можаце вельмі гэтага хацець, але ёсць пэўныя прылады, якія могуць штосьці вам растлумачыць. Можа, вы зразумееце, чаго так напраўду хочаце. Калі хтосьці кажа: “Я хачу кахання”, то многія людзі маюць на ўвазе розныя рэчы. Каханне – гэта проста слова, якое кожны напаўняе чымсьці сваім. Калі разабрацца, што значыць гэтае каханне, то можа праліецца святло туды, куды яно яшчэ не пралівалася і ў жыцці з’явяцца новыя гісторыі.
Еўрарадыё: Ганна, нашая мужчынская аўдыторыя дзясяткамі дасылае мне пытанне, ці ты адна...
Ганна Шадрына: Што да арганізацыі майго асабістага жыцця, то ў мяне цяпер няма партнёра. Я не думаю, што некалі магла б з кімсьці пабрацца. Такая форма зносінаў, як традыцыйны шлюб, мне не цікавая. Мяне цікавіць паслядоўная, серыйная манагамія, калі яркія дачыненні працягваюцца пэўны час, заканчваюцца ды пачынаюцца новыя. Я спадзяюся, што ў маім жыцці будзе яшчэ шмат цікавых сустрэч. Не думаю, што сустрэну нейкага аднаго чалавека, з якім захачу правесці рэшту дзён. Гэтая ідэя мяне не вабіць.