Гарбунова расказала, як размяркуюць грошы, сабраныя на марафоне для палітвязняў
Вольга Гарбунова / прэс-служба Аб'яднанага Пераходнага кабінета
Грошы, сабраныя на марафоне для палітвязняў і іх родных, размяркуюць сярод 13 праваабарончых ініцыятыў і фондаў салідарнасці. Пра гэта паведаміла ініцыятарка марафону салідарнасці прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага Пераходнага кабінета Вольга Гарбунова.
На марафоне салідарнасці 29-30 ліпеня было сабрана амаль 575 тысяч еўра.
"Я атрымліваю шмат пытанняў ад вас аб тым, куды пойдуць гэтыя грошы. Адразу адзначу, што на арганізацыю марафону нашай камандай выдаткавана нуль грошай. А прафесійны ўклад студый, рэдакцый, журналістаў, партнёраў, кансультантаў, нашых валанцёраў, якія адказвалі за сайт для збору данатаў і камунікацыю, ацаніць проста немагчыма — ён фантастычны", — кажа Гарбунова.
Па яе словах цяпер усе сабраныя грошы ляжаць на рахунках плацежных сістэм Stripe, PayPal і ў крыптагаманцах. Праз тыдзень пасля закрыцця марафону Stripe перавядзе грошы ў банк. Мяркуецца, што камісія пры гэтым складзе 3-5% ад сумы.
Сабраныя грошы пералічаць 13 праваабарончым ініцыятывам і фондам салідарнасці. Сродкі размяркуюць паміж імі ў пэўных прапорцыях, адпаведна запытам на падтрымку, якія цяпер маюць гэтыя арганізацыі.
"Па дамоўленасці з фондамі і ініцыятывамі грошы пойдуць на прамую дапамогу палітвязням і іх сем'ям. Грошы не пойдуць на адміністрацыйныя выдаткі гэтых арганізацый, ані на аплату працы іх супрацоўнікаў", — падкрэслівае Гарбунова.
За размеркаваннем сродкаў будзе сачыць Назіральная рада. Акрамя Гарбуновай у яе ўвойдуць прадстаўнікі такіх беларускіх СМІ, як "Белсат", Еўрарадыё, "Зеркало", "Маланка".
Цягам тыдня Назіральная рада прыме рашэнне аб размеркаванні сродкаў, фонд падпіша дамовы з арганізацыямі і зробіць пераводы. Справаздача ад арганізацый па выкарыстанні сродкаў чакаецца праз 2 месяцы арганізацыі. Назіральная рада абяцае публічна расказаць пра вынікі.
На сёння ў Беларусі налічваецца 1488 палітвязняў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.