Генпракурор і кіраўнік МУС тлумачылі, каго будуць лічыць дармаедамі (відэа)
Яны выказаліся за тое, што нашай краіне проста неабходныя законы, якія б не дапускалі ўтрыманства і гультайства.
Генеральны пракурор Аляксандр Канюк звярнуўся да тэмы дармаедаў падчас сустрэчы ў Гродне з афіцэрамі Заходняга аператыўнага камандавання. Паводле слоў Канюка, цяпер ідзе праца над дакументам:
"На жаль, да дармаедаў адносяць і тую катэгорыю людзей, якія фактычна працуюць. Але некаторыя з іх працуюць і больш, чым тыя, што на вытворчасці. Але працуюць на сябе. І гэтыя людзі не ўдзельнічаюць у агульным сацыяльным жыцці дзяржавы. за іх фактычна плацяць іншыя. А дармаедаў працаваць трэба прымушаць. Мы цяпер напрацоўваем падыходы"
На тэму дармаедаў ў чацвер выказаўся і міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч пасля асабістага прыёму грамадзян у Лёзне.
"Я не хацеў бы, каб насельніцтва ўспрымала бягучыя працэсы, як жаданне МУС адрадзіць тую форму барацьбы з дармаедствам, якая была раней, — цытуе словы Шуневіча БЕЛТА. — Я за тое, каб увогуле не ўжываць тэрмін "дармаед", калі б толькі быў нейкі іншы. Але я за тое, каб дзяржава стварала механізмы, перш за ўсё прававыя, якія не дазволілі б гэтай частцы насельніцтва быць утрыманцамі, дармаедамі ці як яшчэ іх можна назваць. Не трэба прычэпліваць ярлыкі. Навошта кагосьці называць дармаедам? Патрэбныя законы, якія б стымулявалі працавітасць, свядомасць і спынялі шкодныя для грамадства з'явы: гультайства, утрыманства".