"Гэта міф, што ўсіх выпускнікоў пасля размеркавання пакінуць у горадзе!"

Стваральніца праграмы "Размеркаванне: шчыра і пра ўсё" распавяла нам, што раіць выпускнікам падчас размеркавання і як студэнты бароняць свае правы

Еўрарадыё: Ваша праграма існуе год, як шмат студэнтаў да вас звярнулася?

Яна Усціненка: У нас два спосабы камунікацыі са студэнтамі-выпускнікамі: гэта анлайн Google Forms, а таксама мы адказваем на пытанні ў сацыяльнай сетцы "ВКонтакте". Калі паглядзець нашыя запыты ў гугл-форме, то там каля ста пытанняў, а ў "ВК" мне за тыдзень прыходзіць каля пяці паведамленняў. Таксама мы правялі сем кансультацый, на якія агулам прыйшло каля ста чалавек.

Еўрарадыё: Гэта толькі студэнты з Гомеля ці з іншых гарадоў Беларусі таксама?

Яна Усціненка: Мы кансультуем незалежна ад таго, дзе чалавек знаходзіцца.

Еўрарадыё: А з якімі праблемамі найчасцей сутыкаюцца выпускнікі, акрамя таго, каб проста "адкасіць" ад размеркавання?

Яна Усціненка:  Галоўная праблема, на мой погляд, – матэрыяльная. А таксама ўмовы працы. Мала хто гатовы працаваць за два мільёны ў глыбінцы, далёка ад сям'і і сяброў. Гэта і маральна, і матэрыяльна вельмі цяжка. Тым больш што жытло не заўжды даецца.

Вельмі шмат пытанняў узнікае з магістратурай, бо ёсць моманты, якія не ўдакладненыя заканадаўча. Напрыклад, калі чалавек адпрацаваў адзін год, а пасля паступіў у магістратуру, – што рабіць? Многія звяртаюцца ў сувязі з уступленнем Беларусі ў Балонскі працэс – як быць з магістатурай за мяжой, бо некаторым дазваляюць паступаць, а іншых прымушаюць спачатку адпрацаваць два гады.

Еўрарадыё: Вы стварылі дапаможнік маладога спецыяліста, можаш нешта пра яго распавесці?

Яна Усціненка: Я думаю, што гэта адзіная зразумелая для студэнтаў і абітурыентаў кніга, якая адкажа практычна на ўсе пытанні, бо мы імкнуліся яго не толькі стварыць па нарматыўных актах, якія існуюць, але і па пытаннях, якія да нас прыходзяць.

Еўрарадыё: Раскажы найбольш распаўсюджаныя міфы наконт размеркавання, з якімі прыходзяць студэнты

Яна Усціненка: Гэта міф пра тое, што ўсіх пакінуць у горадзе! І што іхняя вучэльня найлепшая, а ўсе выпускнікі – гэта таленавіныя кіраўнікі з вялікімі заробкамі. Страх узнікае толькі тады, калі заяўкі прыходзяць не з абласных цэнтраў або не з таго горада, дзе вучыўся чалавек, а вакансій у тым месцы, дзе хацелася б працаваць, няма. І выпускнікоў адпраўляюць у невядомае. У гэты момант трэба сабрацца, вывучыць нарматыўныя дакументы і самому пачынаць шукаць працу.

Еўрарадыё: І што выпускнікоў шакіруе, якраз гэтая працэдура размеркавання?

Яна Усціненка: Шакіруе матэрыяльнае пытанне. Бо калі жывеш у сваім горадзе, то табе могуць дапамагчы родныя, а калі размяркоўваюць у глыбінку, то заробкі вельмі маленькія, гэта вельмі здзіўляе выпускнікоў. Шмат хто лічыць, што іх абавязаныя размеркаваць па месцы прапіскі – гэта вельмі папулярны міф. Калі мы праводзілі кансультацыю, мы бачылі напалоханыя круглыя вочы, нягледзячы на тое, што чыталі даступныя ўсім дакументы і тлумачылі на пальцах, што ў іх напісана. Складана сказаць, што шакіруе больш за ўсё, бо шакіруе – усё.

Спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі