Глабальнае пацяпленне – гэта памылка?
Навукоўцы ламаюць галовы, як патлумачыць, чаму апошнія 15 гадоў тэмпература не расце. Тым часам еўрапейцы не вераць у змены клімату і не баяцца іх
23 верасня ў Стакгольме распачалося пасяджэнне Міжурадавай групы экспертаў па змене клімату (IPCC). Праз некалькі дзён эксперты мусяць скласці з 1000-старонкавага дакумента выніковае 30-старонкавае рэзюмэ з парадамі для палітыкаў. Як паведамляе BBC, эксперты спадзяюцца атрымаць тлумачэнні, чаму з 1998 года фактычна перастала расці тэмпература, хаця ўвесь час не змаўкае гаворка пра “глабальнае пацяпленне”:
“Адзін з удзельнікаў пасяджэння распавёў BBC, што гэта “паўза” будзе “цэнтральным элементам” у выніковым дакуменце”.
Увогуле ніводнаму аўтару даклада не дазволілі каментаваць яго змест да афіцыйнай публікацыі. Але пэўныя чуткі вакол дакумента ўжо ходзяць некалькі тыдняў і актыўна “абыгрываюцца” блогерамі і СМІ. 7 верасня Daily Mail выпусціў артыкул з загалоўкам “Цяпер гэта глабальнае пахаладанне”. А Der Spiegel піша, што цяпер перад IPCC стаіць дылема: прызнаць, што тэмпература не расце насуперак ранейшым прагнозам альбо замяць гэтую выснову лічбамі.
Тым часам Яана Ванка, якая прадстаўляе ў Стакгольме Германію, лічыць, што 15 гадоў без пацяплення ні аб чым не гавораць:
“У даследаваннях клімату змены не ўлічваюцца, пакуль яны не адбываюцца на працягу 30 гадоў і болей”.
Што яшчэ будзе адзначана ў дакладзе? Тое, што ўзровень мора, які ў ХХ стагоддзі павысіўся на 19 сантыметраў, у гэтым стагоддзі можа падняцца на дадатковыя 26-81 сантыметраў, што створыць пагрозу для ўзбярэжжа. Зноў жа IPCC ў сваіх прагнозах у 2007 годзе памыліўся, бо падаваў меншыя лічбы.
Паказальна, што з-за ўсіх гэтых памылак кліматолагаў, людзі ўсё менш прыслухваюцца да страшных прагнозаў. Калі ў 2006 годзе глабальнага пацяплення баяліся 62% немцаў, то цяпер такая “фобія” засталася толькі ў 39%. Таксама ў 2005-м годзе запыталіся ў брытанцаў, ці мяняецца, на іх думку, клімат. Тады толькі 5% сказалі “не”, цяпер жа такі адказ даюць 19%.
Цікава, што часам страх, звязаны са зменай клімату, раскручваецца сярод людзей адмыслова. У гэтым прызнаецца прадстаўнік нямецкіх “Зялёных” Герман От:
“Кліматычная палітыка мусіць мець элемент страху. У адваротным выпадку ніводзін палітык не ўзяўся б за гэту тэму”.
Нагадаем, скарочаны варыянт даклада Міжурадавай групы экспертаў па змене клімату мусіць быць апублікаваны 27 верасня.
Фота: touristmaker.com