Гомельскія ідэолагі, якія забаранялі афішу пастаноўкі, наведаюць прэм'еру
Не забаранілі, а не ўхвалілі
Дзеянне спектакля “Дзе адступаецца каханне...” па п'есе Аляксандра Валодзіна “З каханымі не расставайцеся”адбываецца пераважна ў вар'ятні, таму гомельскі моладзевы тэатр вырашыў папіярыць спектакль адпаведнай афішай. На ёй —заплаканая галоўная гераіня ва ўтаймавальнай кашулі ў сценах вар'ятні. Аддзел ідэалогіі Гомельскага гарвыканкама гэтую афішу забараніў. Чыноўнікі тлумачаць: афіша "занадта змрочная".
“Забаранілі — вельмі жорстка гучыць, яны не ўхвалілі, — кажа кіраўніца тэатра. — І напэўна ў іх ёсць на тое падставы. Вы зразумейце, кіраўнікі дзяржаўных установаў, а наш тэатр менавіта дзяржаўны, мусяць строга прытрымлівацца сваіх інструкцый. Паводле інструкцыі любое публічнае размяшчэнне якой бы ні было інфармацыі мусіць узгадняцца з аддзелам ідэалогіі. Калі б мы былі прыватным тэатрам, гэтага не было б”.
Рыхтавала афішу на замову тэатра мясцовая фотамастачка. Яна сфатаграфавала актрысу, якая выконвае галоўную ролю, і апрацавала выяву. Вынік атрымаўся вельмі цікавым і прывабным, на думку рэдакцыі Еўрарадыё, абсалютна не змрочным. Цалкам імаверна, што менавіта так выглядала б афіша фільма па п’есе “З каханымі не расставайцеся”, калі б яго здымаў галівудскі рэжысёр Цім Бэртан. Чыноўнікі ж прапанавалі прыбраць пацеклую туш з вачэй дзяўчыны і замяніць яе вопратку на… касцюм. Артысты лічаць, што такая афіша не будзе адпавядаць зместу.
“Гэта не была забарона, — “абвяргае” намесніца кіраўніка аддзела ідэалогіі Анастасія Лысенка. — Ім проста параілі змяніць крыху выгляд афішы, падкарэктаваць яго. Я сама, шчыра кажучы, вельмі чакаю гэту пастаноўку, ведаю пра яе, напэўна, афіша не зусім адпавядае настрою…”
Пры гэтым чыноўніца пагаджаецца, што стылістыка афішы вельмі моладзевая, крэатыўная і сапраўды нагадвае знакамітыя фільмы галівудскага рэжысёра. Але па афіцыйны каментар раіць усё ж звярнуцца да кіраўніцы аддзела ідэалогіі Гомельскага гарвыканкама. Еўрарадыё шчыра спрабуе звязацца з Юліяй Собаль цягам двух дзён, але безвынікова. Тым часам дырэктарка тэатра прызнаецца, што за розгалас ужо атрымала “па шапцы”. Але цяпер ужо не шкадуе, што разгарэўся скандал.
“Я разумею, што ў публікі з’явіўся інтарэс да пастаноўкі. І нават той, хто не збіраўся ісці ў тэатр, пойдзе, — усміхаецца жанчына. — Таму гэтая сітуацыя сыграе на карысць тэатру, але не мне асабіста. Але я гатовая пацярпець дзеля справы тэатра”.
Зрабілі новую афішу — белы аркуш з назвай спектакля, але рэкламная служба палічыла, што белая афіша будзе прывабліваць вандалаў
Пакуль пісаўся гэты тэкст, Юлія Собаль усё ж зняла трубку: “Па тэлефоне я каментары не даю, прыходзьце, пагаворым!”.
Еўрарадыё: Але мы знаходзімся ў Мінску, таму фізічна ніхто да вас падысці не можа!
Юлія Собаль: Усё, што я хацела на гэты конт сказаць, я сказала дырэктару тэатра. У мяне пачынаецца нарада, таму больш не магу гаварыць.
Еўрарадыё: Ствараецца адчуванне, што вы нашкодзілі, а цяпер два дні хаваецеся, бо баіцеся адказваць!
Юлія Собаль: Я нічога не шкодзіла, да пабачэння!
У выніку ў тэатры падрыхтавалі новую афішу — белы аркуш з назвай спектакля. Аднак рэкламная служба палічыла, што белая афіша будзе прывабліваць вандалаў, і яе размалююць. Урэшце аўтары спектакля замянілі белы фон на чырвоны.
“Я ж не проста дырэктар нейкага сталеліцейнага завода, тут працуюць мастакі, творцы, якія жадаюць атрымаць прызнанне публікі, — рэзюмуе супрацоўніца тэатра. — І робяць яны сваю работу добра, спектакль вельмі моцны. Але ў публікі ўжо столькі гадоў няма ніякай цікавасці да тэатраў увогуле, што варта рабіць нетрадыцыйныя крокі, каб прыцягнуць увагу. Мы паспрабавалі зрабіць нетрадыцыйную афішу. Але не атрымалася”.