Гродзенец пакрыўдзіўся, што яго не пусцілі ў госці, і "замініраваў" суседзяў
60-гадовы гродзенец затэлефанаваў у міліцыю і заявіў, што яго суседзі з дома па вуліцы Малышчынскай хочуць падарваць кватэру. У далейшай размове з міліцыяй ён паведаміў, што падарве сябе самога, піша uvd.grodno.by.
Міліцыянты, якія выбылі на месца здарэння, затрымалі мужчыну. Ні ў яго кватэры, ні яшчэ ў дзвюх кватэрах гэтага ж пад'езда выбуховых прыстасаванняў не знайшлі. Эвакуацыя жыхароў дома не спатрэбілася.
Выявілася, што мужчына хацеў зайсці ў госці да суседзяў, але тыя не адчынілі яму дзверы. Тады ён вырашыў ім адпомсціць і затэлефанаваць у міліцыю з заведама ілжывым паведамленнем. Але гродзенец быў настолькі п'яны, што пераблытаў нумар іх кватэры з жыллём іншага суседа.
На мужчыну пачалі крымінальную справу. Раней гродзенец ужо прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за дробнае хуліганства.