Гурт Eagles падаў у суд на гатэль "Каліфорнія"

Гурт Eagles падаў у суд на гатэль "Каліфорнія"

Музыкі рок-гурта Eagles падалі ў суд на мексіканскі гатэль "Каліфорнія", бо яго назва адсылае да песні і альбому гурта Hotel California, перадае Бі-Бі-Сі.

Гатэль знаходзіцца ў штаце Паўднёвая Ніжняя Каліфорнія. На думку музыкаў, уладальнікі гатэля ўводзяць наведвальнікаў у зман і эксплуатуюць сваю надуманую сувязь з гуртом для атрымання прыбытку. Паводле іх інфармацыі, у холе 11-павярховага гатэля граюць песні Eagles і прадаюць тэматычныя футболкі.

Eagles просяць суд Лос-Анджэлеса забараніць гатэлю называцца "Каліфорнія" і паведамляць пра якія-небудзь сувязі з творчасцю калектыву.

У сваім пазове музыкі пішуць, што Hotel California з'яўляецца, верагодна, самай вядомай песняй гурта і шмат у чым увасабляе яе "самую сутнасць".

Названы гатэль адчыніўся ў 1950 годзе — за чвэрць стагоддзя да выхаду аднайменных альбома і сінгла Eagles. З таго часу ён змяніў некалькі назваў. У 2001 годзе сямейная пара з Канады купіла гатэль і, па словах Eagles, пачала выкарыстоўваць яго гістарычную назву для сваёй рэкламы. На сайце даведніка Lonely Planet гаворыцца: "Паводле легенды, гатэль даў назву вядомай песні". 

Тым часам аўтары хіта кажуць, што яе тэкст не адсылаў ні да якога канкрэтнага месца. На вокладцы альбома Hotel California быў размешчаны фатаздымак рэальнага каліфарнійскага гатэля "Бэверлі-Хілз". Eagles выкарысталі кадр без дазволу. І гурт знаходзіўся пад пагрозай судовага пераследу, пакуль не выявілася, што пасля поспеху альбома колькасць забраніраваных месцаў у "Бэвэрлі-Хілз" павялічылася ў тры разы. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі