Халіп vs Міронава: аргументы “за” і “супраць” беларускай мовы
На пачатку тыдня “Новая газета” апублікавала выкрывальную калонку Анастасіі Міронавай пра беларускую мову ў Беларусі. Спадарыня Міронава выступае з класічных пазіцый рускай імперскасці, адмаўляючы беларусам у суб'ектнасці і праве на абарону нацыянальнага.
Міронавай адказвае журналістка “Новай” Ірына Халіп. У сваёй калонцы яна спрабуе растлумачыць расіянцы нюансы, якіх тая не разумее. Атрымліваецца цікавы завочны дыялог пра беларусаў, разважаючы над якім, кожны можа выпрабаваць на трываласць сваю пазіцыю па пытанні беларускай нацыі і беларускай мовы.
Анастасія Міронава: "Беларуская — накшталт эсперанта, якую з захапленнем вывучаюць энтузіясты патрыятычнага кшталту"
Анастасія Міронава лічыць беларускую мову цацкай. Яна напаўмёртвая, у яе няма каранёў. Гэта зборная салянка з розных моваў, як эсперанта. Міронава нібыта стварае ланцужок асацыяцый, сярод якіх — штучнасць.
Ірына Халіп: "Той стан беларускай мовы, у якім яна знаходзіцца цяпер, не зваліўся на нас з неба"
Ірына Халіп шкадуе, што расіяне, у тым ліку яе адукаваныя і разумныя сябры і калегі з "Новай газеты", не разумеюць у чым драма беларускай мовы. Што да стану, у якім яна знаходзіцца, яе прывялі мэтанакіраваныя дзеянні Расійскай імперыі і савецкіх уладаў. Можна сказаць колькі заўгодна словаў пра штучную цацку. Але іх кажуць менавіта тыя, хто зрабіў з жывой мовы “паўмёртвую”.
Анастасія Міронава : "У Беларусі мясцовая мова стала пэўнага кшталту сцягам апазіцыйнай культуры. Апазіцыйнай, зразумела, да нас, расіян"
Анастасія нават не спрабуе зразумець, чаму яна ўспрымае беларускую мову і культуру як апазіцыйную Расіі. Можа, таму, што захаванне беларускай мовы заўжды было спробай супрацьстаяць каланізатарскай палітыцы ў дачыненні да Беларусі?
Ірына Халіп: "Страта мовы заўсёды прыводзіць да недаверу і нават варожых пачуццяў у дачыненні да дзяржаўных інстытутаў".
Ірына Халіп не бачыць нічога дзіўнага ў тым, што беларускі патрыёт не вельмі шануе дзяржаву, у якой жыве. Недавер да дзяржаўных інстытутаў тым, што праз іх бяздзейнасць і абыякавасць да беларускай мовы яе ўсё радзей можна пабачыць у Беларусі.
Анастасія Міронава: "У Беларусі і Украіне патрыёт адназначна асацыюецца з антыдзяржаўнай нацыянальнай ідэяй барацьбы"
Для Міронавай любая нацыянальная ідэя — антыдзяржаўная. Але як тут не ўзгадаць той факт, што большасць еўрапейскіх краін пачыналі свой шлях як нацыянальныя дзяржавы? А вось СССР наадварот заўжды выстаўляў наперад сваю шматнацыянальнасць, пры якой усё насельніцтва, незалежна ад нацыянальнай прыналежнасці, нібыта карысталася роўнымі правамі.
Свядомасць, сфармаваная на аскепках камуністычнага мінулага і сучаснай расійскай імперскай рэчаіснасці, проста не здольная ўспрымаць нацыянальныя праекты. І тут няма нічога дзіўнага: для рускай імперскай ідэі нацыянальная ідэнтычнасць і жаданне нацыянальнай дзяржавы — пагібельныя, і вядуць толькі да чарговага распаду.
Ірына Халіп: "Чужое войска. Усе каманды ў ім аддаюцца па-руску. Успрыманне войска [на парадзе. — Еўрарадыё] як чужога, не свайго, не таго, што абараняе, а таго, што акупуе, цісне, — вынік шматгадовага, падрабязнага, планамернага знішчэння беларускай мовы".
Ірына Халіп піша, што сучаснае беларускае войска ўспрымаецца не як абаронца нацыянальнай беларускай дзяржавы, а як спадкаемца савецкага каланіяльнага войска, якое размаўляе на агульнай, імперскай мове — рускай. Яго марш па вуліцах горада ўспрымаецца як працяг каланіяльнага існавання пад ціскам рускай мовы і рускага мыслення.
Анастасія Міронава: "Людзі ў Мінску не размаўляюць у масе на беларускай"
У версіі Міронавай беларуская мова не запатрабаваная проста таму, што беларусам "патрэбныя іншыя мовы". Пры гэтым яна падкрэслівае, што ў Мінску людзі масава не размаўляюць па-беларуску, а ўвогуле беларускую ўжывае ўсяго каля чвэрці насельніцтва краіны. Прычыны гэтага спадарыню Міронаву не турбуюць — быццам бы беларуская мова апынулася непатрэбнай проста так, сама па сабе.
Ірына Халіп: "Беларуская мова знішчалася доўга і планамерна, у рамках савецкай каляніяльнай палітыкі"
Захаванне нацыянальнай мовы, літаратуры, выкарыстанне беларускай мовы ў асабістым жыцці — усё гэта дазваляла беларусам захоўваць сваю ідэнтычнасць. Беларусы ў Расійскай імперыі і ў СССР, праходзячы праз русіфікацыю, чамусьці не пераставалі адчуваць сябе беларусамі. Гэта даказваецца тым, што беларусы да гэтага часу існуюць як нацыя, а Беларусь — як асобная дзяржава.
Анастасія Міронава: "Ім патрэбныя іншыя мовы. Напрыклад, руская, якая падтрымліваецца 150 мільёнамі чалавек і дае выхад у свет навукі і культуры. Беларуская такога не дае, таму што на ёй у год выпускаюць прыкладна тысячу кніг, уключаючы падручнікі. Без яе будуць менш адукаванымі. Калі вы спыніце выпускаць у сябе кнігі на рускай, вашы грамадзяне пачнуць менш чытаць"
Цікава, як з адсутнасцю рускай мовы спраўляюцца ў Польшчы, Чэхіі, Літве? Толькі не кажыце, што грамадзяне гэтых краін пасля знікнення “Варшаўскага блока” зрабіліся менш адукаванымі і пачалі менш чытаць!
У Беларусі даюць свой плён працэсы русіфікацыі, а адсутнасць пратэкцыі для нацыянальнага кнігадрукавання не дае беларускім выдаўцам магчымасці канкураваць з расійскай выдавецкай машынай. Але прыбярыце першае і ўвядзіце другое — і беларуская мова ў Беларусі выштурхне расійскую са сферы культуры. Не кажучы ўжо пра такія сферы, як навука і медыцына, дзе зусім не добрае валоданне рускай мовай з’яўляецца прыкметай высокай кампетэнцыі спецыяліста.
Ірына Халіп: "Пропуск у навуку і культуру выпісваецца на любой мове"
Ірына Халіп ўсё ж спрабуе патлумачыць расіянцы, што для беларусаў у апошнія гады нашмат больш папулярнай прафесійная арыентаванасць на Еўропу, а не на Расію. А польская і чэшская (нават не кажучы пра англійскую) для іх больш важныя і больш перспектыўныя, чым руская. Бо праз іх ёсць магчымасць ахапіць нашмат большую аўдыторыю, чым “рускі свет”, і атрымаць больш важкі для беларусаў сімвалічны капітал.