Хіба можна везці ўкраінскіх ваеннапалонных у Мінск? Ніхто не ведае

Reuters
Reuters

27 чэрвеня кіраўнік так званай "Луганскай Народнай Рэспублікі" Леанід Пасечнік заявіў, што заўтра ў Мінску кіраўніку палітсавета партыі "Апазіцыйная платформа — За жыццё" Віктару Медведчуку будуць перададзеныя чацвёра ўкраінскіх ваеннапалонных. Журналісты высветлілі, што гаворка ідзе пра рэальных людзей, якія служылі ва ўкраінскай арміі і ў розны час былі  затрыманыя, трапілі ў палон або былі абвешчаныя дэзерцірамі.

Чаму працэдура перадачы палонных адбудзецца менавіта ў Мінску? Як прадстаўнікі "ЛНР" здолеюць правезці ваеннапалонных на тэрыторыю Беларусі, дзе дзейнічае артыкул Крымінальнага кодэкса "Незаконнае пазбаўленне волі"? Хто, урэшце, усё гэта прыдумаў? Еўрарадыё паспрабавала даведацца ў зацікаўленых бакоў адказы на гэтыя пытанні.

Пасольства Украіны ў Беларусі

Прэс-сакратар пасольства Украіны ў Беларусі Павел Траян праінфармаваў Еўрарадыё, што сустрэча Медведчука з Пасечнікам і кіраўніком так званай "Данецкай Народнай Рэспублікі" Пушыліным праходзіла без удзелу афіцыйнага Кіева:

"Мы, на жаль, нічога не ведаем, лепш, напэўна, тэлефанаваць у прэс-службу Медведчука. Гэта не па лініі афіцыйнай Украіны праходзіць. У гэтых перамовах ніхто афіцыйна з боку Украіны не ўдзельнічаў".

МЗС Беларусі

Прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз распавёў Еўрарадыё, што наша знешнепалітычнае ведамства таксама не ўдзельнічала ў перамовах. Таму каментаваць інфармацыю аб перадачы палонных ён не можа:

"Удакладняйце ў тых, хто дамаўляўся, гэта ўсё ў іх".

А што наконт транспартавання ваеннапалонных па тэрыторыі Беларусі?

"Нават калі б я быў юрыстам, я б не змог вам адразу адказаць на гэтае пытанне. А я не юрыст. Гэта складаная матэрыя. Які ў іх статус? Ці ваеннапалонныя яны?" — дадае Анатоль Глаз.

Памежны камітэт Беларусі

Прэс-сакратар Памежнага камітэта Антон Бычкоўскі распавёў, што на дадзены момант інфармацыі пра блізкую перадачу ўкраінскіх ваеннапалонных у ведамства няма:

"Таму ніякіх дапушчэнняў аб магчымасці або немагчымасці я рабіць не буду. Проста скажу, што пакуль па такіх пытаннях да нас заявак не паступала. Я мяркую, што нейкія пытанні і механізмы, якія ўжо адпрацаваныя ў рамках беларускай пляцоўкі, павінныя быць задзейнічаныя і павінныя быць прынятыя нейкія магчымыя рашэнні. Але на дадзены момант гэтая магчымасць ніяк не абмяркоўвалася".

Прэс-служба адміністрацыі кіраўніка так званай "ЛНР"

У прэс-службе адміністрацыі кіраўніка так званай "Луганскай Народнай Рэспублікі" спачатку кінулі трубку адразу пасля таго, як журналіст Еўрарадыё прадставіўся. Але з другога разу ўсё ж выслухалі пытанне:

"Я не ведаю. Нічога не магу сказаць. Мы не можам даць ніякага каментара — у нас кіраўніцтва ў Мінску".

Прэзідэнт Украіны

Уладзімір Зяленскі на тэрміновым брыфінгу cёння заявіў, што ён не ведаў пра ініцыятыву Медведчука і не разумее, чаму ў пытанні вызвалення палонных павінныя быць пасярэднікі паміж украінскай дзяржавай і агрэсарамі:

"Я ні разу меў зносінаў з Медведчуком. Украіна — вялікая, суверэнная, еўрапейская краіна. Я не бачу, не разумею, чаму ў нас павінныя быць пасярэднікі. Ён ведае маё стаўленне да гэтага пытання. Гэта не пытанне асоб, гэта вельмі важная падзея. Чаму падымаецца пытанне аб вяртанні палонных, чаму падымаецца пытанне спынення вайны з яго боку толькі пад выбары? Пытайцеся ў яго".

Прэс-служба руху Медведчука "Украінскі выбар — Права народа"

У прэс-службе грамадскага руху "Украінскі выбар — Права народа", лідарам якой з'яўляецца Віктар Медвядчук, не маюць інфармацыі пра дамовы, якіх палітык дасягнуў у Мінску:

"Разумееце, цяпер у мяне такой інфармацыі няма, і я нічым вам дапамагчы не магу. Я вам пакуль нічога не магу сказаць, праўда. Можа быць, крыху пазней стане вядома дакладней. Пакуль вам сказаць не магу".

Інакш кажучы, прадстаўнікі непрызнаных рэспублік прыехалі ў Мінск, сустрэліся тут з украінскім палітыкам і дамовіліся аб перадачы на беларускай тэрыторыі ўкраінскіх грамадзян з нявызначаным статусам. Пры гэтым у перамовах не ўдзельнічалі афіцыйныя прадстаўнікі ні з беларускага, ні з украінскага боку. А так можна было?

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі