Інвалід адмовіўся ад пашпарту і ўжо тры гады не атрымлівае пенсію
У дакуменце ён знайшоў “лічбу д’ябла” і звярнуўся ў камітэт па правах чалавека ААН
63-гадовы праваслаўны вернік з Брэста Мікалай Лаўранюк угледзеў у пашпарце “лічбу д’ябла 666” і адмовіўся яго атрымліваць. А без дакумента Міністэрства працы не налічвае яму пенсію.
“Міністэрства працы і сацыяльнай абароны адмовіла ў пенсіі. Не атрымліваю ўжо 3 гады, ― паскардзіўся пенсіянер Еўрарадыё. ― Між тым я яшчэ і інвалід 3-й групы. Звяртаўся па пенсію спачатку менавіта з-за інваліднасці. Атрымаў адмову. А потым адмовілі і ў пенсіі па ўзросце. Прычына — тое, што я адмовіўся атрымаць пашпарт новага ўзору з рэлігійных меркаванняў. Бо ж у ідэнтыфікацыйным нумары утрымліваецца лічба д’ябла “666”. Гэтую сістэму ўвялі дзеля здзеку над праваслаўнымі вернікамі-хрысціянамі”.
З сабою ў спадара Лаўранюка ладная тэчка з дакументамі. Адзін з іх, старонак з 10, — экспертыза, зробленая Цэнтрам энергаінфармацыйных тэхналогіяў Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага інстытута дакладнай механікі і оптыкі. Там абгрунтоўваецца карэляцыя ідэнтыфікацыйнага нумару і трох шасцёрак. Гэты і іншыя дакументы фігуравалі ў беларускіх судах.
Мікалай Лаўранюк: "Я звяртаўся ва ўсе судовыя інстанцыі, да Вярхоўнага і Канстытуцыйнага. Канстытуцыйны суд накіраваў у Міністэрства працы і сацыяльнай абароны прапанову, каб вернікам знайшлі спосаб прызначаць пенсію без уліку пашпартоў".
Аднак пакуль сітуацыя не змянілася, і атрымліваць пенсію без пашпарту па-ранейшаму немагчыма, распавяла нам кіраўнік камітэта па працы і сацыяльнай абароне Брэсцкага аблвыканкама Лідзія Сафроненка:
“Нічога не змянілася. Чытайце Палажэнне аб прызначэнні пенсій, пункт 7. Для прызначэння пенсіі патрэбны пашпарт. А без пашпарта нельга. Будзе прынятае нейкае рашэнне — налічым пенсію. А пакуль так, як ёсць”.
Гісторыя неяк скранулася з месца падчас візіту патрыярха Маскоўскага Кірылы, кажа Лаўранюк. Тады “пенсіянер без пенсіі” склаў да яго прашэнне, а патрыярх пераадрасаваў яго экзарху Філарэту, а той звярнуўся ў Адміністрацыю прэзідэнта. Гэтаксама пасля звароту да Кірылы новапрызначаны міністр унутраных спраў Анатоль Куляшоў накіраваў у Міністэрства працы і сацабароны прапанову неяк развесці налічэнне пенсіі ды пашпарт. Пакуль рэакцыі няма.
Паралельна Мікалай Лаўранюк звярнуўся ў камітэт па правах чалавека ААН у Жэневе. Да яго далучылася яшчэ адна пенсіянерка без пашпарту — Таццяна Ячнік.
Ліст кіраўніка Беларускай праваслаўнай царквы мітрапаліта Філарэта ў адміністрацыю прэзідэнта з просьбай вырашыць пытанне з пенсіямі для паствы.
Фота — bymedia.net