Іспанцы і партугальцы у пошуках працы едуць ў Польшчу

Эканамічны крызіс прымушае жыхароў Паўднёвай Еўропы, іспанцаў, партугальцаў, італьянцаў і грэкаў, пакідаць свае краіны. Адным з перспектыўных накірункаў у плане пошуку працы з’яўляецца суседняя з намі Польшча. Сюды едуць нават з развітых краін ЕС.

Польскі часопіс Przekrój распавядае пра іспанца Мойсэса Дэльгада, які ўпершыню прыехаў у Польшчу 10 гадоў таму па праграме студэнцкага абмену “Эразмус”. Тады і вырашыў тут застацца, здзівіўшы ўсіх іспанскіх знаёмых.

Мойсэс Дэльгада: “Аказалася, што добра зрабіў, што застаўся ў Польшчы. Па адукацыі я філолаг, таму мне ўдалося знайсці працу ў выдавецкай сферы. Я не адчуў так моцна крызісу, як мае блізкія ў Іспаніі. З аднаго боку, хвалююся за сваю краіну, перажываючую крызіс. З іншага — радуюся, што ў Польшчу прыязджае ўсё больш людзей з маіх мясцін”.

Паводле Przekrój, цяпер афіцыйна ў Варшаве жыве 200 іспанцаў. Але паверыць у гэтыя лічбы складана, бо, на самой справе, гасцей з Пірыней можа быць значна больш.

Цікава, што едуць у Польшчу не толькі з краін, якія церпяць ад крызісу, але і з больш-менш эканамічна стабільных. Не так даўно, “Аль-Джазіра” распавяла ў сваім рэпартажы пра эканамічныя поспехі горада Вроцлаў, куды імкнуцца не толькі інвестары, але і працаўнікі. Сваім меркаваннем дзеліцца француз Нікаля Ісман, які з’яўляецца супрацоўнікам кампаніі Volvo Polska:

“З'яўляюцца новыя будынкі, эканоміка развіваецца даволі дынамічна, ёсць шмат новых працоўных месцаў. Таму многія замежнікі прыязджаюць сюды, каб працаваць у гэтым дынамічнай асяроддзі”.

Вядома, што Польшча з’яўляецца прывабнай краінай для працы альбо эміграцыі для многіх беларусаў. Паводле ацэнак кандыдата эканамічных навук Ірыны Вашко, у мінулым годзе 2,5 тысячы беларусаў атрымалі від на жыхарства ў Польшчы альбо грамадзянства гэтай краіны. Прыток працоўнай сілы з Беларусі адзначаюць і польскія СМІ. Прычым, змянілася і праца, якую беларусам прапануюць у Польшчы, піша часопіс Wprost:

“У мінулым працаўнікі з тэрыторыі былога СССР уладкоўваліся на простыя фізічныя працы, напрыклад, на будоўлю. Цяпер жа фірмы даюць працу IT-спецыялістам і мэнэджарам”.

Разам з тым, трэба адзначыць, што палякі таксама не сядзяць на месцы. Згодна з дадзенымі, апублікаванымі Галоўным статыстычным упраўленнем, у 2011 годзе з Польшчы выехала больш за 2 мільёны палякаў.

У сваю чаргу, прымушае задумацца і апублікаваны польскім Нацбанкам даклад, у якія гаворыцца, што ў 2012 годзе прыбыткі палякаў знізіліся на 0,8% у параўнанні з 2011 годам.

Фота: gazetaprawna.pl

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі