Каб схуднець, трэба... адключыць батарэі!
Да такой высновы прыйшлі галандскія навукоўцы. Тым часам у Шатландыі для пахудзення накіроўваюць на футбольныя курсы.
Змяншэнне тэмпературы ў батарэях можа не толькі зэканоміць грошы, але і дапамагчы трымаць сябе стройным, лічаць галандскія навукоўцы. Пасля 10-гадовых даследаванняў навукоўцы прыйшлі да высновы, што набліжэнне тэмпературы ў памяшканні да вулічнай можа прынесці карысць.
“Паколькі большасць з нас праводзіць 90% часу ў хатніх умовах, ёсць сэнс вывучыць медычныя аспекты тэмпературы навакольнага асяроддзя. Мы мяркуем, што цеплавое асяроддзе ўплывае на здароўе чалавека. У прыватнасці, частае, але мяккае ўздзеянне холаду можа значна паўплываць на наш расход энергіі”, — кажа доктар Ватэр ван Маркэн Ліхтэнбілт з Медычнага цэнтра Маастрыхцкага ўніверсітэта.
Навукоўцы сцвярджаюць, што моладзь і людзі сярэдняга ўзросту трацяць на тое, каб сагрэцца, нават 30% энергіі ўсяго арганізму. Гэта азначае, што нізкія тэмпературы значна павялічваюць колькасць спаленых намі калорый.
Галандскія навукоўцы спасылаюцца на даследаванне сваіх калег з Японіі: яны заўважылі змяншэнне тлушчу ў валанцёраў, якія штодня на працягу шасці тыдняў праводзілі па дзве гадзіны пры 17 градусах. А вось што ў сваю чаргу піша часопіс Trends in Endocrinology & Metabolism:
“Тэмпературы ў памяшканнях у большасці будынкаў рэгулююцца, каб мінімізаваць працэнт незадаволеных. Гэта прыводзіць да высокіх унутраных тэмператур у зімні час. Напрыклад, у цэнтрах па даглядзе і шпіталях выразна бачна, што пры адсутнасці разнастайнага ўздзеяння тэмператур навакольнага асяроддзя людзі робяцца схільнымі да атлусцення”.
Нагадаем, што праблема лішняй вагі традыцыйна з’яўляецца актуальнай для заходніх краін. Як піша BBC, у Вялікабрытаніі два з трох дарослых маюць лішняю вагу альбо пакутуюць ад атлусцення. У той жа час у краінах, якія развіваюцца, з 1980 года лішняя вага і атлусценне сталі сустракацца ў чатыры разы часцей. Урады спрабуюць розныя спосабы барацьбы з гэтай з’явай. А ў Шатландыі да пытання падышлі з крэатывам: тут тых, хто наракае на лішнюю вагу, узялі на “перавыхаванне” у прафесійныя футбольныя клубы і зладзілі адмысловыя трэніроўкі.
“374 футбольныя фанаты былі запрошаныя сваімі футбольнымі клубамі на 12-тыднёвую праграму. Праз год высветлілася, што яны скінулі на 5 кілаграмаў больш вагі ў параўнанні з фанатамі, якія пакуль яшчэ толькі чакаюць свайго ўдзелу ў праграме”, — піша BBC.
Адзін з аўтараў праекта, прафесарка Кейт Хант з Універсітэта Глазга, кажа, што часта дыеты і кантроль за вагой памылкова разглядаюцца як выключна жаночыя праблемы. У выніку мужчыны не сочаць за сабой. Але цяпер ёсць падставы меркаваць, што паспяховая футбольная праграма пахудзення працягнецца і прывядзе ў форму хаця б фанатаў.
Фота: bbc.co.uk