Калі ў нас пабудуюць АЭС - пераедзем у горад!

Каля Астравецкай пляцоўкі, дзе пабудуюць беларускую АЭС, у вёсках Газа і Міхалішкі людзі падзяліліся "за" і "супраць"
Пляцоўка месціцца на поўначы Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці, у 20 кіламетрах ад мяжы з Літвой. Як даведалася Еўрарадыё, жыхары навакольных вёсак ужо выбіраюць сабе новае месца жыхарства.

Аднак даследчыя працы на месцы Астравецкай пляцоўкі працягваюцца і цяпер. Вось што гаворыць старшыня Варнянскага сельсавета Іван Пляўга:

"Цяпер у раёне Бабраўнік і Міхалішак працуюць геолагі і геафізікі. Працуюць яны на тым участку, дзе, як мяркуецца, будзе АЭС".

Ганна Корвель з Міхалішак (у вёсцы амаль 700 жыхароў) удакладняе:

"У нас рабочыя працуюць, свідруюць, аналізы бяруць. Было шмат, чалавек 70, цяпер, можа, 25 засталося".

Жыхары вёскі Газа (там жыве каля 200 чалавек) ўжо прызвычаіліся да таго, што калі ідуць у лес па ягады-грыбы, абавязкова сустракаюць якога-небудзь геолага. Апошнія не хаваюць ад іх планаў будаўніцтва. Вось што пачула ад іх жыхарка вёскі Газа Марыя Харкевіч:

"З геолагамі аднойчы сустрэліся ў лесе... Гавораць, калі будзе зацверджана, пачатак АЭС будуць Шульнікі, былы аэрадром, а працяг тут, праз Газу".

Жыхары Газы нікуды не з'язджаюць, чакаюць, калі ім нарэшце аб'явяць пра рашэнне. Тым часам у вёсцы засталося зусім не шмат пустых дамоў. Некалькі хутароў, якія знаходзяцца бліжэй да аэрадрома, нядаўна купілі. Скардзяцца людзі толькі на знакі, якія ставяць геолагі, і ставяць іх паўсюль.

Тым часам стаўленне мясцовых жыхароў да перспектывы будаўніцтва каля іх вёсак АЭС неадназначнае. Вось што кажа старшыня Варнянскага сельсавета Іван Пляўга:

"Людзі падзяліліся "за" і "супраць". Насельніцтва старэйшае заклапочанае, што "атамная станцыя", а гэта страшна. Маладзейшыя, працаздольнага ўзросту, аптымістычна глядзяць на гэта".

Марыя Харкевіч з Газы распавяла Еўрарадыё, што людзі яшчэ не танчаць на вуліцы, але ўжо мараць пра перасяленне ў горад:

"Яны ж не танцуюць на вуліцы... Калі адсяленне будзе, сталыя людзі, можа, трохі і будуць хвалявацца. А маладзейшыя задаволеныя, але толькі каб далі нам жыллё, мы хацелі б кватэры ў гарадах".

Сама Харкевіч кажа, што ў яе двухпавярховы дом у вёсцы, які стаіць у прыгожым месцы, але яна хацела б пажыць у горадзе. Цікава, што не ўсе вяскоўцы хацелі б стаць гараджанамі. Адна сям'я ўжо выбірае сабе іншую вёску. Вось што распавядае Марыя Харкевіч:

"Яны гавораць, што папросім, каб кампенсацыю далі, купілі б дом, ужо намецілі ў якой вёсцы раёна".


Фота - naviny.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі