Каля 80 чалавек з руху "ПВК Родан" затрымалі і ў Мінску
Прыхільнікі руху носяць чорныя майкі з павуком і клятчастыя штаны / ілюстрацыйнае фота strana.news
У Мінску ўчора затрымалі каля 80 чалавек — як мяркуецца, прыхільнікаў моладзевага руху "ПВК Родан". Пра гэта заявіў на прэс-канферэнцыі міністр унутраных спраў Беларусі Іван Кубракоў.
Першая сустрэча, нагадаў ён, прайшла ў Гомелі 28 лютага. На ёй затрымалі каля 200 чалавек. Але рух "распаўсюджваецца вельмі хутка па ўсёй тэрыторыі Беларусі".
З 80 затрыманых у Мінску толькі 15 былі поўнагадовымі. Яны, паводле міністра, "каардынавалі дадзеныя групы моладзі" і цяпер прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці. Напярэдадні ў Telegram з'явілася відэа з сустрэчы "ПВК Родан" у Мінску. Аўтар рэпартажу сцвярджаў, што ў ГЦ, дзе збіраліся падлеткі, быў заўважаны Кубракоў, а таксама кіраўнік мінскай міліцыі Міхаіл Грыб.
Пра затрыманні падлеткаў, звязаныя з новым рухам, паведамляюць рэсурсы ў Оршы, Магілёве і Гродне. Затрыманні прайшлі і ў Брэсце. Следчы камітэт распачаў крымінальную справу за "арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.