“Карона”: Мы не гандлюем георгіеўскімі стужкамі і не будзем
А Следчы камітэт заяўляе, што нічога не ведае пра гісторыю пра нападзенне на дзіця з георгіеўскай стужкай.
Інфармацыя аб гэтым скандале з’явілася 29 верасня на інфармацыйным партале tut.by са спасылкай на допіс у сацыяльных сетках. Паводле матэрыяла, 26 верасня мінчанка Алена набыла ў “Кароне”, што ў гандлёвым цэнтры “Замак”, пакунак гергіеўскіх стужак. Аднак на выхадзе з гандлёвага цэнтра нейкі хлопец вырваў стужку ў дзіцяці, моцна яго штурхнуўшы. Пачалася бойка, у выніку Алена моцна ўдарыла хлопца і трапіла разам з ім у Цэнтральны РУУС — сцвярджаецца ў матэрыяле.
Пры гэтым не называецца ні імя хлопца, ні прозвішча Алены. Спасылка на допіс у фэйсбуку, як і скрыншот самаго допіса, адсутнічаюць.
“На жаль, мы не гандлюем георгіеўскімі стужкамі. І не маем планаў іх завозіць”, — гавораць Еўрарадыё ў інфацэнтры “Кароны”, згаданай у скандальнай публікацыі.
У прэс-службе Цэнтральнага РУУС Мінска, куды паводле публікацыі даставілі Алену, разам з дзіцём і пабітым ёй ненавіснікам георгіеўскіх стужак, пра гэтую гісторыю таксама не чулі. А Следчы камітэт Беларусі нават распаўсюдзіў афіцыйную заяву, згодна з якой у СК не валодаюць ніякай інфармацыяй аб інцыдэнце.
Уладальнік партала tut.by Юрый Зісер ў адказ на крытыку матэрыяла аб нападзенні на дзіця з георгіеўскай стужкай, якая разгараецца ў сацсетках, паабяцаў у хуткім часе апублікаваць удакладненні з падрабязнасцямі гісторыі. Аднак гэтага пакуль не адбылося.
Рэдактар партала Марына Золатава таксама выказалася аб сітуацыі. "Прызнаю, дапусцілі памылку: і журналіст, і рэдактар, і галоўны рэдактар, які недаглядзеў. Па-першае, ні ў загалоўку, ні ў лідзе не было спасылак на крыніцу інфармацыі (як паказана ў нататцы, аўтар паста яго выдаліла ўжо пасля нашай публікацыі з-за агрэсіўных каментароў), па-другое, не дачакаліся афіцыйнага каментара. За тэмай сочым, працяг будзе", - напісала Золатава ў фэйсбуку.