Казачы атаман Улаховіч: Я не канкурэнт Лукашэнку на выбарах, а апанент!
Чаму, падтрымліваючы Лукашэнку, ідзе на выбары і ці хоча аб’яднання з Расіяй — на пытанні Еўрарадыё адказвае прэтэндэнт у прэзідэнты Мікалай Улаховіч.
Даведка Еўрарадыё: Мікалай Улаховіч — палкоўнік у адстаўцы, кіраўнік грамадскага аб’яднання “Беларускае казацтва” і Беларускай патрыятычнай партыі. Узначальваў прадпрыемства “Жылкамунтэхніка”, цяпер працуе намеснікам старшыні Мінскага абласнога спажывецкага саюза.
Еўрарадыё: Чаму вы вырашылі ўзяць удзел у гэтых выбарах?
Мікалай Улаховіч: Я выйшаў не як Улаховіч Мікалай Віктаравіч — я выходжу як патрыёт нашай радзімы. І хачу, каб людзі, якія стаяць канкрэтна за мной з нашага грамадскага аб’яднання беларускага казацтва. Наша палітычная партыя ўбачыла свайго лідара не толькі як чалавека, што можа справы рабіць, але і палітычным лідарам быць можа.
Еўрарадыё: І ўсё ж патлумачце: партыя ваша існуе з 1999 года, але ні ў адной выбарчай кампаніі ні яна, ні вы ні разу не бралі ўдзелу — чаму вырашылі пайсці менавіта цяпер?
Мікалай Улаховіч: Прыйшоў час. Я адчуў гэта інтуітыўна.
Еўрарадыё: Што значыць “адчуў інтуітыўна” — вам нейкі знак быў?
Мікалай Улаховіч: Знак? Канечне, быў знак — я вернік!
Еўрарадыё: І што ж гэта вам, верніку, быў за знак — ікона пачала міратачыць?
Мікалай Улаховіч: Не, не пачала міратачыць, а сказала. І не ікона, а партыя: партыя сказала, казацтва сказала: “Трэба!”
Мікалай Улаховіч з кіраўніком сваёй ініцыятыўнай групы Міхаілам Абразцовым
Еўрарадыё: Значыць, ваша вера — гэта вера ў партыю?
Мікалай Улаховіч: Вера ў партыю, вера ў казацтва, вера ў хрысціянскую веру. Мы разумеем, што не выйграем, але мы, партыя павінныя заявіць пра сябе, і мы выкарыстоўваем гэтую платформу. Дарэмна мы, патрыятычная канструктыўная партыя, раней гэтую платформу не выкарыстоўвалі.
Еўрарадыё: Што, на вашу думку, лепшае для Беларусі — быць незалежнай краінай ці ўвайсці ў склад Расіі?
Мікалай Улаховіч: Канечне, незалежнай! Незалежнасць вельмі цяжка даецца, і зараз ідзе змаганне за яе — няўжо вы гэтага не адчуваеце?! Ідзе змаганне за незалежнасць нашай радзімы, але мала хто пра гэта кажа ўслых.
Еўрарадыё: З кім змагаемся?
Мікалай Улаховіч: Сіл стала шмат. І найперш супраць нашай незалежнасці — ЗША, Еўрасаюз. Найперш яны за тое, каб Беларусь знікла нават з мапаў. І яны рознымі шляхамі спрабуюць паказаць нашу залежнасць ад “старэйшага брата”. Тое самае спрабуюць навязаць і мне. Я ніколі не быў “пятай калонай”. І нікім не быў і нікога не прадстаўляў, апроч грамадзян, сваіх сяброў і таварышаў па крыві і па духу. Я ніколі не “маляваўся” на палітычнай арэне, але праводзіў вялізную ўнутраную працу. І я ў кожнай кампаніі Аляксандра Лукашэнкі браў удзел вельмі актыўна. Не выстаўляючы сваю фігуру. Сёння прыйшоў час, калі неабходна стаць побач з ім і паказаць, што ёсць патрыёты з гэтага боку. І не адзін Улаховіч, а цэлая партыя. А ведаеце, як я некалі сказаў? Калі вы шукаеце ў кімсьці нацыяналіста ў добрым сэнсе слова, то вы павінныя бачыць яго ў кожным патрыёце.
Еўрарадыё: У вас?
Мікалай Улаховіч: Канечне! Вы думаеце, Пазняк быў нацыяналістам? Не! Чалавек найперш уласныя інтарэсы “маляваў”. Вы зразумейце: патрыёт — гэта ў добрым сэнсе слова нацыяналіст. Але ў той жа час ён інтэрнацыянальны. А я яшчэ і казак — у мяне жыла гаспадара. І як гаспадару мне не падабаецца, што часцяком адбываецца ў нашай эканоміцы. Калі безгаспадарлівыя людзі, якія не ўмеюць належным чынам кіраваць, пачынаюць усе праблемы скідваць на ўладу. А трэба пачынаць з канкрэтнага чалавека. І нават не з дырэктара, а з рабочага: “Чаму ён так працуе?” Вяртаючыся: Беларусь павінная быць незалежнай, але ў саюзе з Расіяй. Так склалася гістарычна, геаграфічна і эканамічна.
Еўрарадыё: Адкажыце прыхільнікам аб’яднання Беларусі з Расіяй.
Мікалай Улаховіч: На якім падмурку аб’яднанне? Мяне цалкам задавальняюць нашы сённяшнія ўзаемаадносіны, Еўраэканамічны саюз, Мытны саюз — цалкам гэтага дастаткова.
Еўрарадыё: У выбарах вы ўдзельнічаеце як канкурэнт ці як прыхільнік улады?
Мікалай Улаховіч: Як апанент, які падтрымлівае стратэгічны курс улады. Але ў стратэгічным курсе ёсць тактычныя моманты: той жа інвестыцыйны, стаўленне да прадпрымальнікаў — гэта можна шліфаваць. Але рабіць гэта акуратна. І не ладзіць тут маскарад. А то прыйшлі рэгістравацца нейкі хлопчык з катом, нейкія дзяўчаты, якія не ведаюць, чаго хочуць, і не маюць ні палітычнага, ні дзяржаўнага вопыту.
Еўрарадыё: А які выбітны дзяржаўны досвед у вас?
Мікалай Улаховіч: Тут пішуць, што ў мяне досвед толькі “сярэдняга ўзроўню пасады”. Я кіраваў 17 тысячамі чалавек — гэта сярэдняя пасада?! Я з 1982 года кірую буйнымі структурамі, працаваў на Байкануры, у ваенна-прамысловым комплексе. Праз працу ў Расіі мне пастаянна і спрабуюць прычапіць нейкую “маскоўскую лінію”. Але я ніколі ні на адну з расійскіх грамадскіх арганізацый не працаваў і працаваць не збіраюся. Але падтрымліваць адносіны з сябрамі ў Расіі я буду нават падчас выбарчай кампаніі.
Еўрарадыё: Вы гатовыя зняцца на карысць Лукашэнкі?
Мікалай Улаховіч: Пытанне складанае — сітуацыя пакажа. Але гэта будзе рашэнне не маё, а партыі і казакоў.
Еўрарадыё: Расійскія казакі падчас выбарчай кампаніі будуць вас падтрымліваць?
Мікалай Улаховіч: Канечне. І не толькі расійскія, але і ўкраінскія, якія сёння знаходзяцца па абодва бакі. Мяне будуць падтрымліваць і сусветныя казакі, з тых жа ЗША. Але падтрымліваць мяне яны будуць не матэрыяльна, а маральна. Мы законы парушаць не будзем. Галоўнае ў казаках — дысцыпліна, і вы бачылі па ДНР/ЛНР як яны сябе паводзяць — як вайсковыя падраздзяленні.
Еўрарадыё: Мяне больш цікавіць, што яны там увогуле робяць, тыя казакі.
Мікалай Улаховіч: Адстойваць дэмакратыю!
Еўрарадыё: На тэрыторыі чужой краіны?
Мікалай Улаховіч: Чаму чужой? Хто сказаў, што там казакі толькі чужыя, — там і данецкія казакі ёсць. Але гэта ўжо пытанні геапалітыкі, туды мы не палезем.
Еўрарадыё: А Крым тады чый?
Мікалай Улаховіч: Вы ізноў цягнеце мяне ў геапалітыку? Вы што, не разумееце, што Крым заўжды быў расійскім? І сёння ён расійскі. Што там нарабіла Украіна за час свайго кіравання: яны ж разбурылі сады, агароды, захапілі тэрыторыі на марскім узбярэжжы! Цяпер ідзе адраджэнне. Хто ў свой час у турак адваяваў Крым — вялікая імперыя, Расія.
Еўрарадыё: Вы, нібыта, не толькі “патрыёт”, але і “нацыяналіст у добрым сэнсе слова”, — як вы ставіцеся да моўнага пытання?
Мікалай Улаховіч: Увогуле я беларус і люблю родную мову, нават магу гаварыць па-беларуску, але саромеюся гэта рабіць, бо шмат што з яе забыўся. А ўсё таму, што больш за 20 гадоў быў адарваны ад радзімы.
Еўрарадыё: Нармальна, калі беларускі чыноўнік не валодае беларускай мовай?
Мікалай Улаховіч: Ненармальна. Але і сілавым метадам нічога не варта тут рабіць. Вы ж ведаеце, да чаго гэта прывяло ў Латвіі?
Еўрарадыё: Я ведаю, да чаго гэта прывяло ў Беларусі, — колькасць гадзін вывучэння беларускай мовы скарацілі ў школах..
Мікалай Улаховіч: Няпраўда! Днямі наконт маёй унучкі ішла размова: калі ласка, паступайце ў беларускую гімназію з беларускай мовай. І яна знаходзіцца ў цэнтры горада.
Еўрарадыё: Вы кажаце пра адну з нешматлікіх беларускіх гімназій, а я пра звычайныя школы.
Мікалай Улаховіч: Калі я вучыўся пры савецкай уладзе, то ў нас яшчэ менш часу на вывучэнне было! Іншае скажу: была мне неяк прапанова ўзначаліць філіял Кангрэса рускіх абшчын. Я адмовіўся. Навошта ў нас у Беларусі нейкую рускую абшчыну рабіць? Мы тут, рускія і беларусы, жывём адной сям’ёй. У мяне жонка руская. Што я тут нейкія філіялы буду арганізоўваць — у мяне свая абшчына ў хаце! Тады гэтым рухам кіраваў Рагозін, які цяпер віцэ-прэмер. І ён пасля маёй адмовы вельмі моцна пакрыўдзіўся. З таго часу мы з ім больш не бачыліся, і ён не вітаецца.
Еўрарадыё: Не здолееце “ўсходні вектар” засвоіць — з самім расійскім віцэ-прэм’ерам пасварыліся!
Мікалай Улаховіч: Вы не разумееце: я — “чырвоны дырэктар”. Там такіх дырэктараў, што разам працавалі і будавалі Байканур, БАМ, Далёкі Усход — безліч.
Еўрарадыё: За якія грошы будзеце праводзіць выбарчую кампанію?
Мікалай Улаховіч: Будзе створаны выбарчы фонд. Які спадзяемся напоўніць па максімуме. Але ад людзей, якія не з’яўляюцца патрыётамі нашай краіны, мы і капейкі не возьмем.
Еўрарадыё: Чаму вы прыйшлі ў ЦВК без шашкі?
Мікалай Улаховіч: Дык шашкі ж у нас сувенірныя — проста для формы. І мы імі не махаем па-пустому.
Фота: Змітра Лукашука