Хто такія "чорныя яўрэі-ізраільцяне" і што рабілі на мітынгу ў падтрымку Газы
"Чорныя яўрэі-ізраільцяне"
Надоечы ў Х распаўсюдзілася відэа, на якім цемнаскурыя ў ЗША выступаюць супраць прапалестынскага мітынгу. Аказалася, што гэтыя людзі — прадстаўнікі групы "чорных яўрэяў-ізраільцян". Хто яны?
BREAKING:
— Visegrád 24 (@visegrad24) October 29, 2023
A large group of Black Hebrew Israelites have attacked a group of Palestinians and far-left anti-Israel protesters in Chicago.
The Black Hebrew Israelites are a Black Supremacy group which believes that Afro-Americans are the "real Israelites" pic.twitter.com/omVnGPVmRX
"Чорныя яўрэі-ізраільцяне" — рух, які з'явіўся ў ЗША. Многія яго прадстаўнікі лічаць, што цёмнаскурыя людзі, якія некалі зрабіліся ахвярамі гандлю рабамі, з'яўляюцца нашчадкамі старазапаветнага ізраільскага народа.
Нехта кажа, што вызначыць іх колькасць "чорных яўрэяў-ізраільцян" немагчыма. А нехта называе колькасць у паўтара мільёна! І ад руху адкалоліся нават экстрэмісцкія секты антысемітаў.
Мы паспрабавалі разабрацца, што гэта за феномен.
"Мы сапраўдныя яўрэі"
Вось на чым грунтуюцца перакананні многіх прадстаўнікоў гэтай групы людзей. Яўрэі нібыта былі высланыя ў Заходнюю Афрыку пасля разбурэння Другога Храма ў 70 годзе н. э. Там яны ў нейкі момант адмовіліся выконваць законы Торы, і тады іх нашчадкаў прадалі белым у гады трансатлантычнага гандлю рабамі.
На іх дагэтуль ляжыць праклён, які спадзе, калі крытычная маса "чорных яўрэяў" прачнецца і зноў пачне трымацца законаў Торы.
"Гэтая тэорыя прывабная тым, што яна дае чарнаскурым людзям святую гісторыю, тлумачыць нашы пакуты і паказвае на трыўмфальную будучыню", — тлумачыць для New York Times калумніст Кісаў Макколі.
У гэтых ідэй ёсць і вельмі радыкальныя паслядоўнікі, якія сабраліся ў секты. Тых, каго мы з вамі называем яўрэямі, радыкальныя "чорныя яўрэі" клічуць "амалекамі". Амалек — гэта герой Старога Запавету, які першым напаў на яўрэяў пасля таго, як тыя свабоднымі выйшлі з Егіпта. Гэта значыць, галоўны вораг ізраільскага народа. Радыкальныя прадстаўнікі руху мяркуюць, што калі праклён спадзе, "сапраўдныя" (чорныя) яўрэі будуць кантраляваць свет, а ўсе белыя яўрэі зробяцца іх рабамі.
Важная рэмарка: не ўсе чорныя, якія адносяць сябе да групы яўрэяў-ізраільцян — антысеміты. Хоць антысеміцкія выказванні, якія транслююць прадстаўнікі гэтай групы, СМІ чуюць лепш за ўсё. Многія "чорныя яўрэі-ізраільцяне" проста прытрымліваюцца версіі, што яны — прадстаўнікі ізраільскага народа. І звычайных яўрэяў яны не лічаць ворагамі.
І гэтыя ідэі нарадзіліся не сёння!
CNN піша, што гэты рух зарадзіўся ў 19 стагоддзі — першая хваля "чорнага яўрэйства" вядомая з 1890-х гадоў.
Другая хваля адносіца да 1920-30-х гадоў, перыяду росквіту афраамерыканскай культуры, так званага "рэнесансу Гарлема". Гэтае пакаленне "чорных яўрэяў" больш уважліва паставілася да кананічнага іўдаізму.
Трэцяя хваля аформілася ў 1960-70-х гадах — тады ўпершыню з'явіліся групы, якія пачалі называць сябе "чорнымі ізраільцянамі", а не "чорнымі яўрэямі". Гэтая хваля была ўжо больш ваяўніча настроенай. Але ўлічым, што гэта быў час, калі расізм у ЗША ўсё яшчэ квітнеў буйным кветам.
"Калі вы сутыкнуліся з расізмам, накіраваным супраць вас, вашай сям'і і ўсіх, хто падобны на вас, вас таксама можа прывабіць канфрантацыйная рыторыка, якая наўмысна абражае тых, хто, на вашу думку, абражае вас", — тлумачыць навуковец і аўтар кнігі "Абраны народ: рост амерыканскіх чорных ізраільскіх рэлігій" Джэйкаб Дорман.
Крыху бліжэй да сучаснасці
У 70-80-я гады здарыўся новы ўздым чорнага ізраілізму. Эпіцэнтрам была арганізацыя пад назвай "Ізраільская школа Танак". Яе называлі проста One West — паводле яе адрасу на 125-й вуліцы ў Гарлеме, расказвае Washington Post. Ад гэтых хлопцаў і пайшлі самыя радыкальныя "чорныя яўрэі".
Яны лічылі сябе радыкальнымі рэфарматарамі папярэдніх пакаленняў ізраільцян-яўрэяў, якія збіліся з шляху. Паслядоўнікі выходзілі на рогі вуліц, апранутыя ў яркія і багата аздобленыя накідкі — так маглі б выглядаць старажытныя ізраільцяне, калі б іх перанеслі ў гарадское асяроддзе Нью-Ёрка.
Яны вялі перадачы на мясцовым тэлебачанні і здымалі на відэа свае вулічныя казані, якія нярэдка заканчваліся канфрантацыяй. Лідары One West нават распрацавалі ўласную версію іўрыту, якая нібыта была больш правільнай, свабоднай ад сучасных "дамешкаў".
Яны пашыралі і сваю мэтавую аўдыторыю: пачалі вучыць, што нашчадкамі "сапраўдных ізраільцян" з'яўляюцца не толькі афраамерыканцы, але і іншыя нацыянальнасці і этнічныя групы. Напрыклад, пуэртарыканцы і карэнныя народы Амерыкі.
Сучасныя цяжкасці, з якімі сутыкаюцца гэтыя групы — беднасць, самавольства паліцыі, расізм і гвалт, — можна будзе пераадолець, калі яны прымуць сваю забытую гісторыю і прызнаюць сябе нашчадкамі старазапаветных ізраільцян.
І сёння дзейнічае як мінімум дзясятак арганізацый, карані якіх вядуць у One West. Сярод іх — "Дом Ізраіля". На іх сайце гаворыцца, што "Дом Ізраіля" "аб'ядноўвае і будуе нацыю, разбураную каланіялізмам, імперыялізмам і рабствам".
У апошнія гады цікавасць да "Дому Ізраіля" расце, бо яны ўсё больш актыўна асвойваюць YouTube і сацсеткі, посцяць тысячы відэаролікаў з пасланнямі да "чорных яўрэяў-ізраільцян". І вось ужо гэтых хлопцаў некаторыя арганізацыі называюць групамі нянавісці — і ненавідзяць яны не толькі артадаксальных яўрэяў, але і наогул белых, а заадно і ЛГБТ.
Іншыя яўрэйска-ізраільскія групы асуджаюць радыкалізм "Дому Ізраіля" і яго паслядоўнікаў.
“ДНК нельга давяраць”
Эрык Мэйсан, пастар філадэльфійскай царквы, можа лёгка растлумачыць папулярнасць гэтага феномену ў ЗША:
"Я ведаю амерыканца з ірландскімі каранямі, які можа прасачыць радавод сваёй сям'і аж да ірландскай вёсачкі. У чарнаскурых людзей у Амерыцы скралі мінулае. Бачанне сябе галоўнымі героямі біблейскай гісторыі аднаўляе страчанае", — кажа ён.
Вядома, не ва ўсіх яўрэяў атрымліваецца ставіцца да гэтага руху з разуменнем — асабліва ўлічваючы, што ад радыкальных прадстаўнікоў гучаць адкрыта антысеміцкія выказванні. І спрачацца з прыхільнікамі ідэй "чорных яўрэяў" таксама атрымліваецца не заўсёды.
Школьны выкладчык Кен Куін удзельнічаў у дэбатах з радыкальнымі прыхільнікамі руху "чорных яўрэяў" і апісаў свой досвед для выдання Jerusalem Post:
"Я спытаў іх, чаму ДНК афраамерыканцаў паказвае на заходнеафрыканскае паходжанне, тады як ДНК яўрэяў (ашкеназі, сефардаў і еменцаў) паказвае на блізкаўсходняе паходжанне. Сутнасць іх адказу палягала ў тым, што тэстам ДНК нельга давяраць".
Але ў эпоху, калі свет ужо вывучыў, што культурная апрапрыяцыя — гэта дрэнна, некаторых яўрэяў турбуе яшчэ адзін момант:
"Нягледзячы на асуджэнне іх абуральнага антысемітызму, відаць, ніхто не клапоціцца пра крадзеж асобы сённяшніх яўрэяў", — піша калумніст Jerusalem Post.
Пры чым тут Канье Уэст?
Толькі ў 2019 годзе "чорныя яўрэі" ўпершыню па-сапраўднаму забралі ўвагу медыя. Гэта здарылася дзякуючы Канье Уэсту і яго вар'яцкім пастам у Твітары (і не менш вар'яцкім інтэрв'ю для Fox).
Там ён і загаварыў пра тое, што з'яўляецца нашчадкам ізраільскага народа — і зрабіў шэраг антысеміцкіх выказванняў, аж да адмаўлення Халакосту. А потым яшчэ і заявіў, што антысемітам ён быць не можа, таму што ён... яўрэй.
Вар'яцкія выслоўі Канье чуюць многія. Але калумністка The Guardian заклікае чуць голас здаровага сэнсу, а не амерыканскага рэпера. Яна яўрэйка і яна чорная, і вось, што яна кажа:
— У амерыканцаў-яўрэяў можа ўзнікаць спакуса перанесці пагрозу антысемітызму на іншую групу меншасці (на чорных). Але сапраўдныя пагрозы, з якімі мы, яўрэі, сутыкаемся ў Амерыцы, не маюць нічога агульнага з чарнаскурымі амерыканцамі, якія звычайна былі і заўсёды будуць нашымі саюзнікамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.