Кіраўнік Віцебшчыны абмежаваў колькасць службовых аўто для чыноўнікаў
Праўда, аблвыканкам і аблсавет абмежаванні не закранулі.
Аляксандр Косінец падпісаў рашэнне Віцебскага аблвыканкама. Згодна з ім, гарадскім, раённым, пасялковым і сельскім выканкамам, саветам дэпутатаў, адміністрацыям раёнаў Віцебску дазволена мець толькі 459 службовых легкавых аўтамабіляў.
Найбольшую квоту на легкавікі атрымалі Полацкі і Аршанскі раёны. Ім дазволена мець 33 і 31 легкавыя аўтамабілі, адпаведна. Акрамя таго, яшчэ 7 атрымаў Наваполацк. Для Віцебскага раёна ўсталяваная квота ў 25 аўто, а для Віцебска — 22, адзначаюць "Народныя навіны Віцебска".
Найменшую колькасць службовых аўто дазволілі чыноўнікам Лёзненскага і Расонскага раёнаў — толькі па 16 легкавушак.
На фота news.vitebsk.cc — службовы аўтамабіль Аляксандра Косінца Audi A8 W12L