Кіраўнікі "ДНР" і "ЛНР" заявілі пра жаданне перагледзець мінскія пагадненні
Сепаратысты з самаабвешчаных рэспублік выступілі з заявай.
Як інфармуе ВВС, сепаратысты з так званых "Данецкай народнай рэспублікі" і "Луганскай народнай рэспублікі" заявілі, што адмена Кіевам закона аб асаблівым статусе Данбаса наносіць шкоду мірнаму працэсу, і настойваюць на пераглядзе мінскага пратакола.
"Відавочна, што яго рэдакцыя павінна быць перагледжана. ДНР і ЛНР не могуць дзейнічаць на падставе дакумента, з якога Парашэнка выключыў прынцыпова важныя пункты. Мы гатовыя працаваць над новай рэдакцыяй пратакола", — гаворыцца ў заяве сепаратыстаў.
Нагадаем, напярэдадні Савет нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны рэкамендаваў прэзідэнту краіны Пятру Парашэнку ўнесці ў парламент законапраект аб адмене асаблівага рэжыму самакіравання ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей. Раней Парашэнка заяўляў, што правядзенне ў Данбасе "псеўдавыбараў" 2 лістапада тарпедавала гэты закон і рэзка абвастрыла сітуацыю.
Фота — ria.ru