Кіраўнікі МЗС Беларусі і Украіны абмяркуюць справу зніклага ў Гомелі ўкраінца
Міністр замежных спраў Украіны Павел Клімкін плануе абмеркаваць з кіраўніком МЗС Беларусі Уладзімірам Макеем сітуацыю са знікненнем 19-гадовага ўкраінца Паўла Грыба. Пра гэта кіраўнік украінскай дыпламатыі напісаў у сваім акаўнце ў Twitter.
"Заўтра ў Будапешце планую абмеркаваць справу зніклага грамадзяніна Украіны Паўла Грыба з беларускім калегам Макеем", — паведаміў Клімкін.
31 жніўня ў Будапешце пройдзе сустрэча міністраў замежных спраў краін-удзельніц ініцыятывы ЕС "Усходняе партнёрства" і Вышаградскай групы (ВГ).
19-гадовы ўкраінец Павел Грыб 24 жніўня паехаў з Кіева ў Гомель на сустрэчу з дзяўчынай з Расіі. Пасля гэтага ён знік. Бацьку хлопца Ігару Грыбу гомельскія міліцыянты сказалі, што яго сын знаходзіцца ў вышуку па падазрэнні ў тэракце па запыце ФСБ Расіі. Дзяўчына, на сустрэчу з якой Павел прыехаў у Гомель, расказала Еўрарадыё, што выцягнула яго ў Беларусь па патрабаванні ФСБ.
Нядаўна стала вядома, што ўкраінец нібыта ўжо знаходзіцца ў следчым ізалятары ў Краснадары.