Кіроўца, які ў Брэсце збег з месца аварыі, сам прыйшоў у ДАІ
Кіроўца пазадарожніка, які справакаваў аварыю ў Брэсце і збег, сам з'явіўся ў ДАІ. Як паведамляла Еўрарадыё, 22 снежня на вуліцы Маскоўскай "Лексус" сутыкнуўся з "Мэрсэдэсам", які ехаў у спадарожным напрамку. Ад удару "Мэрсэдэс" выкінула на раздзяляльны газон, а пазадарожнік "уляцеў" у прыдарожны плот.
Кіроўца "Лексуса" збег з месца аварыі, аднак пакінуў ля машыны свайго пасажыра. Кіроўца і пасажыр “Мэрсэдэса” ў аварыі не пацярпелі. Партал "Рэальны Брэст" агучыў версію, што кіроўца пазадарожніка быў п'яны. Неадэкватныя паводзіны мужчыны бачныя на відэа з месца здарэння, якое апублікаваў партал. Гэта версія тлумачыць, чаму віноўнік аварыі збег.
Здарэнне атрымала вялікі розгалас у сацыяльных сетках. Карыстальнікаў асабліва злаваў той факт, што ДАІ доўга не паведамляла, ці быў затрыманы віноўнік аварыі. Толькі 9 студзеня прэс-служба ДАІ Брэсцкай вобласці нарэшце распавяла, што кіроўца "Лексуса" ўсё ж такі быў прыцягнуты да адказнасці.
Аказваецца, 31-га снежня мужчына сам з'явіўся ў ДАІ. У яго дачыненні былі складзены адразу 2 пратаколы — непасрэдна за ўчыненне аварыі і за тое, што ён пакінуў месца здарэння. 31-гадовага брэстаўчаніна пазбавілі пасведчання кіроўцы на 18 месяцаў, а таксама аштрафавалі на 1 млн 800 тысяч рублёў.
Ці быў кіроўца у момант аварыі п'яны, дагэтуль невядома.
Фота: ДАІ