Класкоўскі: “Маўклівая” рэвалюцыя — метафара. Галоўнае — пераадолець страх!

Еўрарадыё: 20 ліпеня прайшла 9-я маўклівая акцыя. На вашую думку, чаго ад усіх гэтых акцыяў было больш – карысці ці шкоды? Рэпрэсіі запалохалі людзей ці, наадварот, пазбавілі людзей страху?

Класкоўскі: “Карысці ці шкоды — гэта залежыць, для каго. Для ўлады, з яе гледзешчам, — суцэльная шкода. Для дэмакратычнага грамадства, натуральна, што гэта такі магутны зарад пазітыву! Нягледзячы на тое, што кантэкст такі суровы. Гэта феномен, і хоць сапраўды гэтая хваля пайшла на спад, я думаю, што гэта ўжо ўвайшло ў гісторыю. А феномен гэты называецца: “Лета 2011 года”. Бо сярод мёртвага палітычнага сезону, пасля разгрому, пасля Плошчы, рэпрэсіяў, пасадак — людзі выйшлі, яны паказалі, што яны не баяцца. Пераадоленне страху — гэта галоўнае. А “маўклівая рэвалюцыя” — гэта прыгожая метафара. Наіўна было б разлічваць, што вось так выйдуць люді — і воплескамі скінуць рэжым. Пераадоленне страху — гэта галоўнае, бо ўсе дыктатуры трымаюцца на страху”.

Еўрарадыё: За два месяцы ўладам удалося збіць гэтую хвалю. Гэтыя палітычныя рэпрэсіі, гэтыя жосткія збіванні людзей, гэтыя людзі ў цывільным, які выкарыстоўвалі нават газавыя балончыкі супраць журналістаў. Улады ў чарговы раз прадэманставалі — яны ўсе кантралююць. Любыя акцыі яны ў стане пагасіць.

Класкоўскі: “Натуральна. Бо вельмі магутны рэпрэсіўны апарат, які мы ўбачылі. Улады натрэнавалі і адкармілі гэтых дзецюкоў у цывільным, якія апранаюцца накшталт гопнікаў і дзейнічаюць брутальна. Але заўважце, што пад ціскам грамадскасці і генпракурор мусіў зрабіць такія заўвагі дастаткова сур’ёзныя. Калі аналізаваць учорашнюю акцыю, то мы бачым, што, па-першае, там пераважна спецназ у форме дзейнічаў, па-другое, не білі журналістаў. Па беларускіх мерках, затрыманні былі адносна мяккімі, без брутальнасцяў. Кропля камень точыць”.

Еўрарадыё: На вашую думку, чаму пачалі затухаць гэтыя акцыі. Можа, гэта памылка арганізатараў?

Класкоўскі: “Тут нельга казаць пра арганізатараў у клаісчным сэнсе. Тут хоць і ёсць каардынатары, ёсць людзі, якія адмініструюць гэтыя сеціўныя суполкі, іх нельга лічыць арганізатарамі. Бо сама па сабе гэтая ініцыятыва дэцэнтралізаваная. Тут шмат што, ці не ўсё ўвогуле, вызначае жывая крэатыўная творчасць масаў. Быў гэты імпульс, быў гэты імпэт — яны выходзілі.

Трэба выразна асэнсаваць, у чым была місія гэтых акцыяў. Гэта найперш быў сімвалічны такі выступ, каб паказаць, што Беларусь усе ж не скарылася. Нягледзячы на рэпрэсіі, ёсць людзі, якія хочуць жыць у вольнай краіне і яны не баяцца — яны смяюцца ў твар гэтай дыктатуры. Гэта той выпадак, калі страшнае становіцца смешным. І гэта пачатак канца для рэжыму — так падалі ўсе дыктатуры. Думаю, беларуская аўтарытарная сістэма ўваходзіць у стадыю калапсу”.

Еўрарадыё: Ці магчыма рэанімаваць гэтыя “маўклівыя” акцыіі восенню, калі прагназуюцца стыхійныя выступы незадаволеных грамадзянаў?

Класкоўскі: “Я б не казаў пра рэанімацыю, бо гэта элемент штучнасці. За кошт тэхналогіяў нельга зрабіць рэвалюцыі. Кажуць там пра "Твітэр-рэвалюцыю", пра ролю блогераў у Егіпце, але гэта толькі імпульс. Гэтыя сацыяльныя сеткі, гэта такі bigford-шнур. Калі выспелі ў гармадстве ўмовы, то тады гэты шнур спрацоўвае і дае пачатак масавым пратэстам. Але вырашаюць лёс рэвалюцыяў простыя людзі, якія не сядзяць у інтэрнэце, якіх дастала гэта ўлада з матэрыяльных прычын. Ці будзе такое ўвосень, тут бабуля напалам варажыла, бо мы бачым, што рэжым ліхаманкава стараецца перахапіць грошы, кінуць нейкую костку. Задушыць гэтыя пратэсты не толькі рэпрэсіямі, але і звыклымі метадамі — трошкі падкарміць электарат. А беларусы, яны цярплівыя, яны шмат не патрабуюць. І таму, можа, пакуль і ўдасцца ўладзе прадухіліць хвалю пратэсту, пра якую некаторыя аналітыкі сталі казаць як пра аксіёму. Не факт, што заўтра ўпадзе рэжым, але ўсе адно — гэтыя акцыі сваё зрабілі”.

Еўрарадыё: Улады і апазіцыя, яны зробяць з гэтых акцыяў нейкія высновы для сябе?

Класкоўскі: “Улада ўжо зрабіла для сябе пэўныя высновы. І мы бачым, што яна таксама выявіла пэўны крэатыў, пачынаючы ад дубовых усялякіх канцэртаў, на якіх сяброў БРСМ збіралі дэрэктыўным метадам, і ў сеціве кібер-вайна разгарэлася — глушаць сайты, тролінгам займаюцца. Улада свае высновы зрабіла. Так званай тытульнай апазіцыі, партыйнай апазіцыі, я думаю, зараз цяжка. Гэты разгром пасля выбараў прывёў да такога шоку, ад якога яна не акрыяла. Мы бачым, што яна календарным чынам запланавала “Беларускі сход” на восень, але ці атрымаецца масавая акцыя, я не ўпэўнены. Па-першае, улада ўжо будзе пільнаваць гэта ўсе, ім хапіла гэтай хвалі летніх пратэстаў. Наіўна спадзявацца, што дадуць дазволы адміністрацыі, як гэта плануецца, ва ўсіх буйных гарадах. Думаю, пастараюцца задушыць у зародку. Тут не ад планаў апазіцыі, не ад распрацовак іх штабоў будзе залежыць, а ад сацыяльнай тэмпературы ў грамадстве”.

Фота: "Белсат".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі