Колькі праўды ў прагнозах расіян пра дэвальвацыю беларускага рубля і грыўны

Паўтарэнне крызісу 2011 года з рэзкай дэвальвацыяй беларускага рубля ў 2014 годзе прадракаюць беларусам спецыялісты з Мінэканамразвіцця Расіі. Гэта сцвярджэнне ўтрымліваецца ў прагнозе сацыяльна-эканамічнага развіцця Расіі на 2014-2016 гады. Там жа расійскія эксперты папярэджваюць і ўкраінцаў: нібыта ў іх аслабленне курса грыўны можа адбыцца яшчэ да канца 2013 года.

Цікава тое, што матэрыялы пра хуткую дэвальвацыю ва ўкраінскіх СМІ масава пачалі з’яўляцца некалькі тыдняў таму. Высветлілася, што артыкулы былі… заказныя, а іх напісанне і друк — аплачаныя. Прычым як і ў якім рэчышчы “абяцаць” дэвальвацыю, было прапісана ў адпаведных інструкцыях.

Ці не паўтараецца зараз тое ж і ў Беларусі, з той розніцай, што матэрыял за журналістаў напісалі спецыялісты з Мінэканамразвіцця Расіі?

Беларускі эканаміст Сяргей Чалы схільны давяраць песімістычным прагнозам расіян.

Сяргей Чалы: “З улікам таго, што гэта расіяне ў тым дакуменце прапісваюць для сябе рызыкі, то відавочна, што гэта можна лічыць песімістычным прагнозам для Беларусі. І так зразумела, што чым далей будуць зацягваць (беларускія ўлады з дэвальвацыяй. — заўв. Еўрарадыё), тым большы будзе патэнцыял дэвальвацыі. Чым больш будуць “упірацца”, тым большы будзе назапашвацца дысбаланс — дакладна, як гэта было ў 2011 годзе”.

                                       Сяргей Чалы

Што да магчымага ўзроўню дэвальвацыі, то, на думку Сяргея Чалага, яна можа дасягнуць 20%. А курс рубля — і пра гэта, звяртае ўвагу суразмоўца Еўрарадыё, прагаварылася старшыня Нацбанка Ермакова падчас нядаўняй прамой тэлефоннай лініі — можа дасягнуць 11-12 тысяч рублёў за долар.

З тым, што аслабленне грыўны цалкам верагодна, згодны і  эканаміст Цэнтра сацыяльна-эканамічных даследаванняў Украіны Дзмітрый Баярчук. Гэтыя чаканні, паводле яго слоў, пацвярджаюць вялікі гандлёвы дэфіцыт, значныя знешнія выплаты, а таксама тое, што золатавалютныя рэзервы краіны ўпэўнена змяншаюцца.

Дзмітрый Баярчук: “Маё меркаванне, што аслабленне нацыянальнай валюты пачнецца ўжо гэтай восенню. Ёсць і іншыя меркаванні на гэты конт, але я не сустракаў ніводнага, хто б сцвярджаў, што Украіна зможа перажыць прэзідэнцкія выбары са стабільнай валютай”.

Што цікава, эксперт таксама прагназуе дэвальвацыю на ўзроўні 20%. Хаця не выключае, што яна можа быць і большай.

Дык які сэнс быў у аплачаных матэрыялах пра блізкую дэвальвацыю ў тых жа ўкраінскіх СМІ? Дзмітрый Баярчук мяркуе, што гэта — негатыўная рэакцыя Расіі на планы Украіны падпісаць на віленскім саміце Усходняга партнёрства дамову з ЕС пра зону свабоднага гандлю, дамову аб асацыяцыі.

Але былы старэйшы кансультант групы памочнікаў і рэферэнтаў прэзідэнта Украіны Леаніда Кучмы, былы намеснік міністра замежных спраў Украіны Валерый Чалы не выключае і ўнутраных крыніц гэтай “інфармацыйнай вайны”.

Валерый Чалы: “У такіх матэрыялаў, што з’яўляюцца, бывае паходжанне знешняе, а бывае і ўнутранае. Як пэўная канкурэнтная барацьба ўнутры палітычных груп. У любым выпадку, на такія заявы насельніцтва Украіны адрэагавала дастаткова вяла. Людзі больш арыентуюцца на рэальную сітуацыю: што адбываецца з цэнамі, з заробкамі — гэта для іх галоўны індыкатар”.

                                            Валерый Чалы

Што ж да нежадання Расіі “адпускаць” Украіну ў Еўрасаюз, то Валерый Чалы раіць усходнім суседзям: менш эмоцый і больш прагматызму. Маўляў, дзвюм краінам проста трэба будзе выпрацаваць новы алгарытм узаемадзеянняў.

Дарэчы, калі ўкраінскія эксперты не выключаюць, што ўваходжанне іх краіны ў зону свабоднага гандлю з ЕС можа дапамагчы ім справіцца з абяцанымі Мінэканамразвіцця Расіі эканамічна-фінансавымі праблемамі, то беларусам на гэта спадзявацца не даводзіцца.

Фота: Еўрарадыё, news.vitebsk.cc, www.day.kiev.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі