Кошка, як звычайна, залезла ў скрынку, а гэта аказалася пасылка — #ІхНоравы

#ІхНоравы

#ІхНоравы / @rubanau_collage

Напэўна ж усе вашыя думкі сёння пра "базу даносаў" КДБ. Адцягнем вас ад думак пра суседзяў-стукачоў думкамі пра свет. Гэта штодзённы кароткі агляд сусветных навін ад Еўрарадыё.

 

Чаму ўсе гавораць пра Рафах?

Прэзідэнт Палестыны Махмуд Абас папрасіў ЗША спыніць наступ Ізраіля на Рафах. Гэта горад на поўдні Газы, дзе зараз спрабуе схавацца ад абстрэлаў больш за мільён чалавек.

Умовы жыцця ў Рафаху жудасныя. Людзі кажуць пра недахоп ежы, вады, лекаў. Калі пачнецца наступленне, наступствы будуць непрадказальныя. Абас упэўнены, што толькі Штаты могуць паўплываць на Ізраіль і спыніць ваенную аперацыю ў Рафаху.

ЗША неаднаразова заяўлялі, што не падтрымаюць наступ на Рафах, пакуль не ўбачаць пераканаўчага плана па абароне грамадзянскага насельніцтва. Міністр замежных спраў Ізраіля заявіў, што яго краіна можа прыпыніць уварванне. Але ёсць умова: усе ізраільскія закладнікі, якія засталіся ў жывых, захопленыя ХАМАС падчас тэрарыстычнай атакі 7 кастрычніка 2023 года, павінны вярнуцца дадому.

 

Правыя не выбачаюцца?

Партугалія спрабуе папрасіць даравання за гандаль рабамі. Але правыя не дазваляюць гэта зрабіць.

Прэзідэнт краіны Марселу Рэбелу дэ Соуза прапанаваў, каб яго краіна загладзіла сваю віну за ўдзел у трансатлантычным рабстве і каланіялізме. Што можна зрабіць? Напрыклад, дапамагчы пацярпелым краінам у дасягненні мэтаў устойлівага развіцця ААН. Ці проста дараваць ім даўгі.

Партугальскія караблі стагоддзямі вывозілі людзей з Афрыкі — у асноўным у Бразілію. Там рабы былі вымушаныя працаваць на плантацыях.

Антырасісцкія групы і вельмі левыя партыі ўжо даўно вядуць барацьбу за аднаўленне справядлівасці. Але цяпер, з кансерватыўным прэзідэнтам на сваім баку, яны могуць і перамагчы правых.

Самі правыя ўжо таксама выказаліся. Правацэнтрысцкі ўрад адхіліў ідэю прэзідэнта. А вельмі правая партыя "Чэга" наогул будзе дамагацца, каб у парламенце асудзілі дэ Соуза за яго занадта левыя каментары.

 

Ніякай дыскрымінацыі

На бліжэйшых Алімпійскіх гульнях у камандзе ЗША па сінхронным плаванні выступяць двое мужчын. Раней да гэтых спаборніцтваў дапускалі толькі жанчын.

Адзін са спартсменаў, Біл Мэй, марыў пра гэта дзесяцігоддзямі. Ён упершыню ўжывую ўбачыў выступленне зборнай па сінхронным плаванні ў Афінах — тады амерыканская каманда ўзяла бронзу. Але доступ мужчынам у гэты спорт тады быў закрыты, і Біл пайшоў у Цырк дзю Салей. Там ён удзельнічаў у водных пастаноўках наступныя дзесяць гадоў.

Нарэшце ў 2015 годзе мужчынам дазволілі ўдзельнічаць у чэмпіянаце свету ў гэтым відзе спорту — і Біл паехаў на чэмпіянат. А цяпер — вяршыня кар'еры, Алімпіяда ў Парыжы.

“Гэта тое, пра што я марыў усё сваё жыццё, — кажа Мэй. — Яшчэ адна рэч, якую я магу дадаць у свой спіс мараў, якія працягваюць спраўджвацца".

Кошка, как обычно, залезла в коробку, а это оказалась посылка — #ИхНравы
Сінхроннае плаванне / Quinn Rooney/Getty Images

Самы кароткі шлях да Каліфорніі

Адна кошка думала, што залезла ў скрынку. А аказалася, што ў пасылку. Кошку запакавалі разам з парай чаравікаў і адправілі поштай у Каліфорнію.

Праз тыдзень супрацоўнікі Amazon усё ж заўважылі, што з гэтай пасылкай нешта не тое. Ускрылі — а там кошка. Хоць яна праседзела пад замком без вады і ежы цэлы тыдзень, яна была здаровая.

На шчасце, адзін са швоў скрынкі разышоўся, і кошка магла дыхаць. Па дадзеных мікрачыпа знайшлі яе гаспадароў.

"Яна любіць скрынкі, гэта проста частка яе асобы", — кажа ўладальніца кошкі, Кэры.

За час свайго падарожжа кошка дабралася з штата Юта да Каліфорніі. Нельга выключаць, што насамрэч яна любіць не скрынкі, а добры клімат.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі