Крама з нашыўкамі "ДНР" і "Ветлівыя людзі": Мы ўжо выкінулі гэта ў сметніцу
У гомельскай краме, якая выставіла на продаж нашыўкі "Кашу кроп" і "Расійскі акупант", выбачыліся і прыбралі іх з продажу.
Ваўкавыскі фатограф Уладзіслаў Мігдалёнак заўважае неадназначыя нашыўкі ў краме вайсковай вопраткі. Шаўроны "Расійскі акупант", "ДНР", "Кашу кроп" ды іншае ўладальнікі крамы змясцілі ў суполцы Укантакце. Цана кожнай — 70 тысяч.
Еўрарадыё дазванілася да прадаўца крамы Андрэя, які паспрабаваў патлумачыць сэнс продажу такой атрыбутыкі.
Еўрарадыё: Вы сапраўды выстаўлялі гэтыя шаўроны на продаж?
Андрэй: Разумееце, у нас крама для страйкбалістаў. Страйкбол — гэта ваенна-тактычная гульня. Яна мадэлюе нейкія падзеі, прадугледжвае два канфліктныя бакі. У нас былі раней шаўроны Сербіі і Албаніі, і хлопцы набывалі іх. Я сапраўды прывёз некалькі шаўронаў "Наваросія", "ДНР"... Учора выкінуў Укантакце гэта, з'явілася шмат каментароў.
Еўрарадыё: Але ўкраінскай сімволікі няма...
Андрэй: Мы закупаемся ў Расіі, там, на жаль, толькі сімволіка, якая прадстаўляе расійскі пункт гледжання. Я, напрыклад, займаю нейтральны бок у гэтым канфлікце. Вінаваты і тыя, і тыя. Мы ўжо гэта прыбралі і больш выкладваць не будзем.
Еўрарадыё: А набывалі гэтыя шаўроны?
Андрэй: Цяпер не да таго, цяжкае эканамічнае становішча ў людзей. За гэтыя грошы можна шапку набыць. Можа, адну штучку набылі толькі. Я разумею, што перагнуў палку, бо канфлікт свежы, пашкадаваў ужо, што гэта зрабіў. Шчыра, я ужо выкінуў гэта ў сметніцу. Не хачу нейкай хвалі агрэсіі і разумею, што не меў рацыі. І, дарэчы, гэтага багата ў іншых крамах.
Фота з фэйсбука Уладзіслава Мігдалёнка