Ці можна ў Беларусі законна жыць аднаполым шлюбам?

У ЗША легалізавалі аднаполыя шлюбы ва ўсіх штатах. Фэйсбучная стужка стракаціць спрэчкамі. А ці гатовая, да прыкладу, Беларусь прызнаць аднаполыя шлюбы і як аднаполым парам жыць тут?

Сітуацыя № 1. Я і мая жанчына збіраемся ўсынавіць дзіця. Што на гэта скажа цэнтр усынаўлення?

У Нацыянальным цэнтры ўсынаўлення кажуць, што шлюб павінен быць прызнаны ў Беларусі, тады ніякіх перашкод не будзе. Але ў Беларусі няма паняцця аднаполых шлюбаў. У Наццэнтры супакойваюць, што ў іх не будзе прэтэнзій да таго, што ў нас нетрадыцыйны шлюб. Маўляў, у любых сітуацыях могуць быць выключэнні. Для жанчыны ўсынавіць дзіця ці ўзяць апякунства прасцей, чым у аднаполым шлюбе. Але няхай сваё слова скажа мясцовы аддзел адукацыі.

У аддзеле адукацыі Маскоўскага раёна Мінска дзяўчына-кансультант спачатку доўга перамаўляецца з кімсьці:

— Дзяўчаты, тут аднаполы шлюб! Дзяўчына хоча ўзяць дзіця на ўсынаўленне. Што сказаць? Што без варыянтаў і толькі праз суд? Няхай нават не спрабуе? — чую ці то збянтэжаны, ці то абураны голас кансультанткі з аддзела адукацыі.

Потым дзяўчына вяртаецца да мяне і супакаяльна кажа:

“Вам у любым выпадку трэба прыйсці на прыём, з пашпартам. А даўно вы ў шлюбе?” — нібы мімаходзь цікавіцца дзяўчына. — Усё будзе залежаць ад вашага жадання. Магчыма, гэта варта зрабіць у іншай краіне. У нас палітыка дзяржавы такая, што не падтрымліваюцца аднаполыя шлюбы. Не прызнаюцца. Але, думаю, шанцаў мала. Калі толькі праз суд ці яшчэ як”, — дзяўчына спачувае, раіць не губляць надзеі, і я адчуваю, што дзень у кансультанткі аддзела адукацыі Маскоўскага раёна сёння адбыўся!

Сітуацыя № 2. Сурагатнае мацярынства. Ці можа мужчына з сужэнцам пайсці ў цэнтр сурагатнага мацярынства і такім чынам стаць шчаслівымі бацькам і бацькам?

Цэнтр сурагатнага мацярынства “Белмедтрэвэл” на гэтую гісторыю рэагуе бурна.

“А шлюб у мужчыны з кім?”

Еўрарадыё: З мужчынам.

“Па законе нельга ў Беларусі і ў Расіі таксама! Па законе ў нас толькі жанчына можа выкарыстаць сурагатнае мацярынства і толькі па медыцынскіх паказаннях. Шукайце заканадаўства тых краін, дзе гэта магчыма. Мо нейкі Тайвань ці Азія?”

Калі з дзецьмі не ўдаецца, вось вам сітуацыя № 3. Ці можна ўзяць крэдыт на жыллё сям’і, дзе партнёры аднаго полу?

Пры атрыманні ільготнага крэдыту ўлічваецца сукупны даход мужа і жонкі ці блізкіх родных. Кажу, што з блізкіх родных толькі жонка, і яна аднаго полу са мной. Кансультант “Беларусбанка” перапытвае, ці няма нейкіх іншых родзічаў — ну хоць якіх. Але я трымаюся як крэмень — няма і кропка. Дык вось, “Беларусбанк” будзе разглядаць вашую заяўку на крэдыт.

“У нас індывідуальны падыход да кожнага кліента. Звяртайцеся”. Перамога!

Ёсць месцы, дзе аднаполы шлюб не так і важны, і крэдыт дадуць пры ўмове добрай крэдытнай гісторыі!

Сітуацыя № 4. Ажаніліся ў ЗША, але жыць хочуць тут, у Беларусі. Якая будзе віза і ці можна атрымаць від на жыхарства?

У консульскім аддзеле Міністэрства замежных спраў кажуць, што ў Беларусі няма такога паняцця, як сямейная віза, усе прыязджаюць па прыватных візах. Сужэнец можа прыехаць па прыватнай візе. І парачку (!) такіх выпадкаў у консульскім аддзеле прыгадваюць. Сужэнца тут называюць “іншым чалавекам”.

“…Што ён напіша ў візавай анкеце? Ды сужэнца няхай напіша. Я не магу гарантаваць, як да гэтага паставіцца аддзел па грамадзянстве і міграцыі, але ў плане атрымання візы ніякіх перашкод не будзе”, — радуюць у консульскім аддзеле Міністэрства замежных спраў Беларусі.

У Мінюсце тлумачаць, што аднаполыя шлюбы, заключаныя ў ЗША, у Беларусі не будуць лічыцца сапраўднымі, “бо няма адпаведнай дамовы”.

Але я не здаюся, і ўжо ў Дэпартаменце па грамадзянстве і міграцыі тлумачу сітуацыю: патрэбны від на жыхарства для сужэнцаў, сужэнцы аднаполыя. Мужчына і мужчына.

Мне адразу раяць атрымаць спачатку часовы дазвол на жыхарства:

“Ён можа ехаць сюды працаваць, і працадаўца будзе хадайнічаць. Ці знойдуцца нейкія родныя”.

Часовы дазвол на жыхарства дазваляе жыць у Беларусі да сямі гадоў. Але атрымліваць нейкія сацыяльныя гарантыі немагчыма — да прыкладу, бясплатнага талончыка ў паліклініцы не будзе. Зазначу, што да такой няпростай сітуацыі беларускія чыноўнікі ставяцца з паразуменнем, дапамагаюць шукаць выйсце:

“Паглядзіце закон. Можа, нешта выбераце. А калі не, ператэлефануйце, мо нешта параім яшчэ”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі