Крэдыты, спісанні, выплаты: як па-рознаму ў Беларусі і Расіі ратуюць эканоміку

Грошы / Еўрарадыё
Грошы / Еўрарадыё

Стаўленне Аляксандра Лукашэнкі да пандэміі COVID-19 як да "каронапсіхоза" адбіваецца і на антыкрызісных мерах, якія прымаюцца ў краіне. Падпісаны ў канцы красавіка ўказ №143 "Аб падтрымцы эканомікі" прадпрымальнікі называюць "крывым і няправільным". Сам Лукашэнка 23 красавіка так выказаўся пра падтрымку малога бізнесу: "Ніхто нікому нічога не дасць. А калі хто-небудзь хоча, каб яму далі, хай скажа: дзе гэта ўзяць?"

На гэтым фоне падтрымка, якую Уладзімір Пуцін нядаўна паабяцаў расійскаму малому бізнесу, выглядае вельмі важка. Параўноўваем антыкрызісныя меры, якія прымаюцца ў суседніх краінах.

"Кропкавая" падтрымка прадпрыемстваў vs крэдыты пад 2%

Беларускі ўрад плануе "кропкава падтрымаць" буйныя прадпрыемствы. Аляксандр Лукашэнка пагадзіўся павялічыць гадавы ліміт падтрымкі прадпрыемстваў на 1,2 млрд рублёў. Урад таксама просіць банкі дапамагчы кампаніям "перацярпець" часовыя фінансавыя праблемы. Гэта датычыцца рэструктурызацыі запазычанасцяў, зніжэння тарыфаў і працэнтных ставак па аперацыях.

Уладзімір Пуцін падчас свайго апошняга звароту абвясціў, што з 1 чэрвеня ў Расіі запусцяць спецыяльныя крэдыты пад 2% на падтрымку занятасці ў кампаніях з пацярпелых праз каранавірус галін. Працэнты не трэба будзе плаціць штомесяц, а на 85% крэдыт будзе забяспечаны дзяржаўнай гарантыяй. Тэрмін пагашэння крэдыту — 1 красавіка 2021 года. Пры гэтым калі прадпрыемства на працягу гэтага часу захавае занятасць супрацоўнікаў на ўзроўні 90%, то ўся сума крэдыту і сума працэнтнай стаўкі будуць пагашаны дзяржавай. У выпадку калі занятасць супрацоўнікаў захаваецца на ўзроўні 80%, то дзяржава пагасіць палову.

 

Кредиты, списания, выплаты: как по-разному в Беларуси и России спасают экономику
Уладзімір Пуцін / ТАСС

Наконт магчымых звальненняў на беларускіх прадпрыемствах Лукашэнка выказваўся так: "Перадайце прыватнікам, каб усе пачулі: калі толькі хоць адна кампанія, дробная ці вялікая, выкіне на вуліцу людзей, яна наўрад ці далей будзе існаваць у Беларусі". Кіраўнік дзяржавы лічыць, што бізнес павінен знайсці магчымасці захаваць рабочыя месцы без дапамогі або заахвочванняў ад дзяржавы: "Няхай у сябе ў кішэнях, сейфах парыюцца, падтрымаюць сваю кампанію і людзей, якія на іх працавалі і зараблялі гэтыя грошы".

Падатковыя канікулы vs спісанне ўсіх падаткаў і страхавых плацяжоў

У Беларусі мясцовыя ўлады атрымалі права даць кампаніям з пацярпелых сфер падатковыя канікулы з 1 красавіка да 30 верасня 2020 года. Але ўказ не абавязвае выканкамы прымаць такія рашэнні, а рэкамендуе. Пры гэтым скарыстацца адтэрміноўкай можна, толькі калі своечасова і ў поўнай меры выплачаныя ўсе бягучыя падаткі.

Што да індывідуальных прадпрымальнікаў, то ім даецца магчымасць пераходу на іншыя рэжымы падаткаабкладання і пераразліку адзінага падатку ў сувязі з часовым неажыццяўленнем дзейнасці.

У Расіі Пуцін прапанаваў індывідуальным прадпрымальнікам, малому і сярэдняму бізнесу ў пацярпелых галінах спісаць усе падаткі і страхавыя плацяжы, акрамя ПДВ. ІП з пацярпелых галін — падатковы вылік у памеры аднаго МПАП (мінімальны памер аплаты працы) для страхавых узносаў у 2020 годзе. Самазанятым — вярнуць падатак на даход, выплачаны ў 2019 годзе, і даць адзін МПАП "падатковага капіталу" для выплат падаткаў за 2020 год.

Рэкамендацыі знізіць арэнду vs ільготы асобным кампаніям

У Расіі аплата арэндных плацяжоў лічыцца галоўнай праблемай перыяду каранціну, бо адсутнасць рэжыму НС не дае бізнесу права патрабаваць зніжэння арэнднай стаўкі. Ільготы распаўсюджваюцца толькі на кампаніі, якія адносяцца да пераліку галін, якія мацней за ўсё пацярпелі ад каранавіруса. Астатнія прадпрыемствы на меры падтрымкі разлічваць не могуць.

Бальнічны vs выплаты сем'ям з дзецьмі

У Беларусі ўказам №143 прадугледжаны бальнічны для таго, хто даглядае дзіця ва ўзросце да 10 гадоў, якое наведвае дашкольную ўстанову або ўстанову агульнай сярэдняй адукацыі, у выпадку, калі гэта дзіця адносіцца да кантактаў першага або другога ўзроўню.

Кредиты, списания, выплаты: как по-разному в Беларуси и России спасают экономику
На выхадных у Беларусі / Reuters

У Расіі Пуцін 11 траўня абвясціў пра дадатковую падтрымку сем'яў з дзецьмі. У прыватнасці, прапанаваў устанавіць выплаты ў памеры 5000 расійскіх рублёў (~165 беларускіх рублёў) на тры месяцы ўсім расійскім сем'ям, у якіх ёсць дзеці ва ўзросце да трох гадоў, і аднаразова выплату 10 тысяч расійскіх рублёў (~330 беларускіх рублёў) на кожнае дзіця ад 3 да 16 гадоў. Увогуле такую падтрымку займеюць бацькі 27 млн расійскіх дзяцей. Таксама прапануецца выплачваць па ½ ад пражытковага мінімуму на дзяцей ва ўзросце ад трох да сямі гадоў з малазабяспечаных сем'яў. Па 3 тысячы расійскіх рублёў (~100 беларускіх рублёў) у месяц на кожнае непаўналетняе дзіця належыць сем'ям, дзе бацькі часова страцілі працу. Удвая павялічана дапамога па доглядзе дзяцей. Дадаткова работнікам сацыяльных устаноў на працягу трох месяцаў выплацяць да 60 тысяч расійскіх рублёў (~2000 беларускіх рублёў).

Расійскі ўрад называе меры падтрымкі эканомікі беспрэцэдэнтнымі. Паводле ацэнак экспертаў, на іх будзе патрачана каля 800 млрд расійскіх рублёў (~26 мільярдаў беларускіх рублёў), але многія прадпрымальнікі ўсё роўна лічаць антыкрызісныя меры запозненымі і недастатковымі для выратавання кампаній, якія апынуліся ў глыбокім крызісе.

У Беларусі Мінфін цяпер распрацоўвае другі пакет мер па падтрымцы эканомікі. Чакаецца, што ён будзе прадугледжваць дадатковую дапамогу бізнесу і прадпрыемствам. У найбліжэйшы час гэтыя дакументы пакажуць кіраўніку дзяржавы.


 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі