Куды падзець двух поні падчас рэлакацыі, калі твой сябар — Пуцін? #ІхНоравы
#ІхНоравы
Святлана Ціханоўская сёння ў Еўрапарламенце чарговым разам спрабавала прыцягнуць увагу сусветнай грамадскасці да праблем беларусаў.
Было б справядліва, калі б беларусы таксама надалі трошкі ўвагі праблемам свету. Няма часу? Таму мы кожны дзень вельмі каротка расказваем пра галоўныя (або самыя цікавыя) сусветныя навіны.
Ежа ў абмен на бомбы
Кім Чэн Ын і Уладзімір Пуцін сустрэліся на касмадроме на Далёкім Усходзе Расіі, куды Кім прыбыў на сваім браніраваным цягніку.
Госця частавалі салатай з качкі, клёцкамі з крабамі, рыбным супам, асятрынай з грыбамі і, нарэшце, ягадным дэсертам. Мы пералічваем гэта не проста так: менавіта ежа патрэбная Кіму ад Пуціна — "свой шлях" лідара КНДР давёў краіну да такога ўзроўню галечы, што людзі літаральна паміраюць ад голаду.
Кім і Пуцін абмяняліся ветлівымі словамі і поціскамі. Але Пуціну акрамя ветлівасцяў ад Пхеньяна патрэбная яшчэ і зброя — запасы падчас вайны ва Украіне вычарпаліся.
Пасля вячэры расійскі прэзідэнт падняў тост за здароўе Кіма і сяброўства дзвюх краін. Пуцін любіць не-не ды і ўкруціць у гаворку рускую прымаўку.
Таму лічым дарэчным нагадаць адну з іх: скажы мне, хто твой сябар... — а далей вы ведаеце самі.
Рэлакацыя і поні
Але было б несправядліва сказаць, што Кім застаўся апошнім сябрам Пуціна. Экс-міністр замежных спраў Аўстрыі, па-прарасійску настроеная Карын Кнайсль пераязджае ў Санкт-Пецярбург і бярэ з сабой двух сваіх поні. Ну хіба не доказ найпяшчотнейшай дружбы?
За гэтай пацешнай навіной стаіць цэлы шпіёнскі скандал.
Кнайсль была кіраўніцай аўстрыйскага МЗС два гады. І запрашала на сваё вяселле Пуціна. Іх нават знялі падчас танцаў.
Яна ўзначальвала аўстрыйскае МЗС, калі ва ўрадзе ўтварылася кааліцыя кансерватараў і крайне правай Партыі свабоды. Цяпер Партыя свабоды ў Аўстрыі знаходзіцца ў апазіцыі, але ўжо некалькі месяцаў яна лідзіруе ў апытаннях грамадскай думкі і, імаверна, у наступным годзе зможа вярнуцца ва ўрад.
Пітэр Грыдлінг, які быў кіраўніком разведкі Аўстрыі ў перыяд з 2008 па 2020 год, кажа, што яго моцна турбуюць кантакты Партыі свабоды з Расіяй. Ён упэўнены, што гэтыя кантакты ніколі не перапыняліся.
Вось, напрыклад, дзейны лідар партыі Герберт Кікл крытыкуе санкцыі ЕС супраць Расіі і лічыць іх прычынай росту кошту жыцця. Гэты Кікл быў міністрам унутраных спраў у кааліцыйным урадзе, у які ўваходзіла Кнайсль (тая самая, што танцавала з Пуціным і перавозіць у Пецярбург сваіх поні).
ВВС рэзюмуе: аўстрыйская сталіца Вена мае даўнюю традыцыю шпіёнскіх гульняў, і традыцыя не перапыненая дагэтуль. Не разумеем, чаму "Нэтфлікс" яшчэ нічога не зняў па матывах гэтага сюжэту.
“Над горадам павіс саўндтрэк з крыку маленькіх дзяцей”
"Людзі кажуць, што гэта падобна да канца свету", — кажа лівійскі журналіст пра паводку ў горадзе Дэрна. Там загінула больш за 5,3 тысячы чалавек. Яшчэ каля 10 тысяч застаюцца зніклымі без вестак.
У горадзе прарвала дзве плаціны, людзей і дамы панесла ў Міжземнае мора. Вуліцы горада цяпер пакрытыя друзам і перакуленымі аўтамабілямі. Хвалі змывалі ў моры цэлыя сем'і.
"Над горадам павіс бесперапынны саўндтрэк — крык маленькіх дзяцей", — кажа адзін з мясцовых жыхароў.
"Адзін чалавек знайшоў свайго пляменніка мёртвым проста на вуліцы, яго змыла вадой з даху", — расказвае іншы.
Многія застаюцца ў пастцы пад абломкамі паваленых будынкаў. Ратавальнікі чуюць іх галасы, але не заўсёды могуць да іх дабрацца.
Лівія падзеленая паміж двума ўрадамі-канкурэнтамі: часовым, міжнародна прызнаным урадам, які дзейнічае ў Трыпалі, і варожым яму ўрадам на ўсходзе.
Але гэтая катастрофа прымусіла бакі аб'яднацца. У аўторак ва ўсходні горад Бенгазі з Трыпалі адправілі самалёты з гуманітарнай дапамогай.
Але некаторыя жыхары кажуць, што гэтае часовае перамір'е — не такое ўжо і перамір'е. І што трэба большае, трохі большае супрацоўніцтва, каб дапамагчы тым, каго яшчэ можна выратаваць.
"Тут вельмі шмат людзей без прытулку, без ежы, без чыстай вады. Тое, што нам цяпер трэба, — буйнамаштабная міжнародная падтрымка, якая мусіць прыйсці неадкладна".
Дастаем сшыткі
Шведы паказалі сябе рэтраградамі і плануюць перайсці ў школах з лічбавых прылад на кнігі і сшыткі. Пакуль настаўнікі і эксперты абмяркоўваюць плюсы і мінусы патэнцыйных зменаў.
Палітыкі і эксперты ў Швецыі спрабуюць зразумець, ці прывёў лічбавы падыход да адукацыі да зніжэння базавых навыкаў. Цяпер, напрыклад, у Швецыі з дзіцячага садка ў навучанне ўкараняюць планшэты.
"Ёсць выразныя навуковыя доказы таго, што лічбавыя інструменты хутчэй пагаршаюць, чым паляпшаюць навучанне студэнтаў, — заявіў у жніўні Каралінскі інстытут Швецыі, паважаная медыцынская школа краіны. — Мы лічым, што фокус мусіць зрушыцца на атрыманне ведаў з дапамогай друкаваных падручнікаў і досведу настаўнікаў, а не на набыццё ведаў са свабодна даступных лічбавых крыніц, дакладнасць інфармацыі якіх не была правераная".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.