Лекары хуткай дапамогі ў Віцебску 4 гадзіны ратавалі лякарню ад патопу
21 студзеня ў аперацыйным блоку Віцебскай бальніцы хуткай меддапамогі адбылася аварыя: са столі пачала ліцца вада.
Відэа здарэння з'явілася ў ТГ-канале "Белыя халаты. News".
У каментары TUT.by работнікі лякарні распавялі, што камунальную аварыю ім удалося ліквідаваць прыкладна праз чатыры гадзіны.
Па іх словах, патоп пачаўся каля 16-й гадзіны на трэцім паверсе хірургічнага блока. Там размяшчаецца аперацыйны блок, і калідор вядзе да дзесяці аперацыйных. Вада пацякла з даху. Ліквідаваць цечу ўдалося толькі пасля прыбыцця сантэхніка.
Прычыны патопу медыкі не ведаюць. Кажуць, што хутчэй за ўсё прарвала нейкую трубу, але медыкам было не да таго. "Мы былі занятыя іншым. Санітаркі, медсёстры і дактары бегалі з вёдрамі і анучамі і прыбіралі ваду", — удакладняюць яны.
Бальніца хуткай дапамог ў Віцебску прымае пацыентаў з каранавіруснай інфекцыя.
На шчасце, падчас патопу ў аперацыйным блоку не рабілі ніякіх аперацый — была пагроза кароткага замыкання. Аднак на кіслародных кропках ляжалі два пацыенты з COVID-19.
Цяпер, кажуць дактары, у аперацыйным блоку ўсё нармальна, наступстваў патопу няма.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.