Лешчанка: Расія ніколі не ўвядзе войскі ва Украіну. Але Крым ― іншая справа

Дзеячы культуры Расіі падпісаліся ў падтрымку Пуціна па пытанні Украіны і Крыма. У гэты спіс трапілі і такія аўтарытэты, як Лунгін (рэжысёр філасофскага кіно), Бязрукаў (папулярны акцёр) і іншыя асобы, творчасць якіх і шмат дзе за межамі Расіі лічаць вартай.

Інфармацыя пра спіс з’явілася на сайце Мінкульта РФ акурат перад крымскім рэферэндумам. Падпісанты падтрымліваюць ідэю аддзялення Крыма і “ратавання” мясцовых жыхароў ад “бэндэраўскага” фашызму, які насаджваюць новыя ўкраінскія ўлады.

Звязваемся з народным артыстам Львом Лешчанкам, фігурантам пуцінскага спісу, які спявае: “Разве ж ты наставишь пушку на свою жену хохлушку?!”

“Я заклікаю толькі да міру і нейкай згоды. Гэтае супрацьстаянне ― яно ні да чаго добрага не прывядзе. У яго няма канца, ― выказваецца Леў Валяр’янавіч. ― Я лічу, мы павінны сесці за стол перамоваў. Гэты зварот — да народаў і парламентаў, якія павінны размаўляць, выказаць прэтэнзіі, калі ў некага яны ёсць. У прынцыпе, мы адна этнічная нацыя. Мы па-ранейшаму жывём і з беларусамі, і з украінцамі ў адной гуманітарнай і эканамічнай прасторы. Я сам не разумею, хто я, украінец ці рускі. Мая бабуля са Львова, дзядуля з Сум, мама разанская, а тата ўжо з Курска. Таму, гэта як рэзаць па жывым, ― апісвае спявак свае душэўныя перажыванні. ― Як узяць чалавека і рассекчы яго напалам”.

Леў Лешчанка не верыць у наяўнасць цэлай расійскай арміі на Крымскім паўвостраве (што пацвярджаюць шматлікія відэазапісы і непасрэдныя прызнанні прышлых вайскоўцаў), называючы іх “Самаабаронай”.

Абгрунтоўвае народны артыст РСФСР і вострую неабходнасць праводзіць на паўвостраве рэферэндум.

“Пытанне Крыма стаіць цяпер востра таму, што рэвалюцыя, якая здарылася, змяніла Канстытуцыю. У межах прававога поля гэта вядзе да зменаў дзяржаўнасці. Калі б Канстытуцыя была захаваная, Крым павінен быў бы ўдзельнічаць у агульнаўкраінскім рэферэндуме, ― апелюе Леў Лешчанка да сваіх ведаў права. ― Але Канстытуцыя ўжо іншая, таму, я лічу, кожная аўтаномія ― усе павінны выказаць сваю пазіцыю як жыць далей”.

Сфармуляваў спявак і свае прэтэнзіі да новай украінскай улады і геапалітычных ворагаў, якія скарысталіся сітуацыяй і з “бэндэраўцамі” заадно:

“Вядома, ёсць кааліцыйны ўрад, які працуе супраць Расіі: Абама і Захад. Мы павінны стварыць сваю кааліцыю і даказаць, што мы не збіраемся падпарадкоўваць Украіну, але выканайце ўмовы бяспекі расійскіх грамадзян на тэрыторыі Украіны. Гэта раз, ― патрабуе Леў Валяр’янавіч. ― Два: павінна быць магчымасць размаўляць на рускай мове і чытаць кніжкі па-руску. Не можа быць і забароны партый ― камуністычнай ці “Партыі рэгіёнаў”. Таксама трэба разабрацца, што ёсць фашысты, што ёсць радыкалы. Украіна павінна адхрысціцца ад гэтага. Гэта будзе несправядліва, калі здарыцца канфлікт, і мы завязнем у гэтай кровапралітнай гісторыі".

Еўрарадыё: "Здаралася, расійскія СМІ вялі інфармацыйныя войны і з беларускімі ўладамі. Многія нашы людзі лічаць, што ваша дзяржава ставіцца да нашай як да васала. І калі ў гэтым кірунку нешта зменіцца, войскі РФ увядуць і ў Беларусь".

“Я магу вам сказаць, што Расія ніколі не будзе ўводзіць войскі ў Беларусь і ва Украіну таксама, ― здзіўляецца Леў Лешчанка. ― Але што тычыцца Крыма, гэта асобная гісторыя. І Крым паўстаў сам. А калі б не паўстаў, яго б проста раздушылі. Я разумею, што Украіна ― гэта Украіна. Але іншадумцаў там душаць. Бо не кожны там настроены па-праўкраінску. Справядлівасці ў гэтым пытанні няма. Але што мы бачым? Існуюць законы, па якіх мы павінны жыць. І калі Закон кранаюць рукамі… Нельга міліцыянера біць, штурхаць і гэтак далей. Я не магу ўявіць, што можна плюнуць ці штурхнуць паліцэйскага ў ЗША. На вас бы дакладна надзелі кайданкі. Вось гэта было ўпушчана Януковічам, які зрабіў агромістую колькасць памылак. А ўкраінцы не вынеслі ў Радзе галасаванне наконт імпічменту. Чаму? Там жа была не толькі “Партыя рэгіёнаў”. Трэба было настаяць на пазіцыі імпічменту. Вось гэта было б законна”.

Пакуль адны дзеячы культуры падтрымліваюць дзеянні Пуціна ў Крыме, іншыя актыўна заклікаюць адумацца. Са зваротамі выступілі Вячаслаў Бутусаў, Барыс Грабеншчыкоў, Юрый Шаўчук і Андрэй Макарэвіч.

“Я не магу ўлезці ў іх галаву, я знаходжуся ў замяшанні і здзіўленні, ― так эмацыйна апісвае Еўрарадыё свой стан Андрэй Макарэвіч.Гэта можа абярнуцца доўгатэрміновай вайной, з умяшальніцтвам трэціх краін, канчатковай стратай стасункаў з краінай, з якой мы ўсё ж такі маем роднасныя сувязі. І ўвогуле, вялікай вайной. Пачаць страляць вельмі проста ― скончыць складана”.

 

Фота з афіцыйнага сайту Льва Лешчанкі і drive2.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі