Літоўцы маюць намер пабудаваць плот на мяжы з Беларуссю за год

Будаўніцтву загароды на мяжы хочуць надаць статус праекта нацыянальнага значэння / Reuters​
Будаўніцтву загароды на мяжы хочуць надаць статус праекта нацыянальнага значэння / Reuters​

Плот на мяжы Літвы з Беларуссю будзе пабудаваны за год, а не за два, як планавалася раней. Пра гэта ў аўторак заявіла журналістам міністарка ўнутраных спраў балтыйскай рэспублікі Агне Білатайтэ, паведамляе ТАСС.

Загароду плануецца ўзвесці на ўчастку больш за 500 кіламетраў.  

"Без фізічнага бар'ера забяспечыць эфектыўную ахову мяжы немагчыма. З прыняццем спецыяльнага закона аб яго будаўніцтве загароду можна будзе ўзвесці не за два, а за адзін год", — сказала літоўская міністарка.

У аўторак літоўскі парламент сабраўся на пазачарговую сесію. Дэпутаты павінны абмеркаваць пакет законапраектаў па барацьбе з нелегальнай міграцыяй. Сярод гэтых дакументаў ёсць і праект закона, які павінен надаць будаўніцтву загароды на мяжы статус праекта нацыянальнага значэння.

Гэта будзе плот вышынёй чатыры метры з металічнай зварной стрыжневай сеткі.  Па-над гэтай сеткай нацягнуць канцэрціну (калючы дрот з вострымі лёзамі). Акрамя таго, перад плотам будзе ўсталяваны дадатковы шэраг калючага дроту вышынёй 3 м.

Арыенціровачны кошт работ складзе 152 мільёны еўра.

Літва ў гэтым годзе сутыкнулася з вялікім патокам нелегальных мігрантаў, якія ідуць з тэрыторыі Беларусі. Паток павялічыўся пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка заявіў, што праз еўрапейскія санкцыі ва ўлады няма грошай кантраляваць міграцыйныя патокі. Адначасова была павялічаная колькасць рэйсаў з Ірака ў Беларусь, каля паловы затрыманых мігрантаў — выхадцы з гэтай краіны. У Літве падазраюць, што беларускія ўлады датычныя да стварэння міграцыйнага крызісу на мяжы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі