Лукашэнка будзе зноў прасіць у Пуціна грошы — "Коммерсант"
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін у Сочы ў верасні 2020 года / @pul_1
На сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна, якую напярэдадні анансавалі ў Крамлі, гаворка пойдзе ў тым ліку пра новы крэдыт для Беларусі, піша "Коммерсант". Мінск будзе прасіць каля $3 млрд, сцвярджае выданне.
Перамовы Лукашэнкі і Пуціна могуць прайсці ў Сочы 22 або 25 лютага. На павестцы дня, сярод іншых, будзе і фінансавае пытанне.
Мінск хацеў бы атрымаць доступ да рэшты сродкаў, выдзеленых Масквой на будаўніцтва Беларускай АЭС, кажуць крыніцы "Коммерсанта" ў расійскім урадзе. Згодна з пагадненнем ад 2011 года Беларусі на будаўніцтва станцыі быў выдзелены крэдыт у памеры $10 млрд. З іх было асвоена толькі $4,5 млрд.
Па словах крыніцы выдання, бакі "блізкія да дасягнення дамоўленасці па выдзяленні сродкаў", але працэнты, тэрміны і памер сумы абмяркоўваюцца. Пры гэтым ён адзначыў, што памер крэдыту "большы за $3 млрд".
Падчас мінулай сустрэчы з Пуціным у верасні 2020 года ў Сочы Лукашэнка дамогся дамоўленасці аб прадстаўленні Мінску расійскага крэдыту ў $1,5 млрд. Мільярд з гэтай сумы — гэта расійскі дзяржкрэдыт. Яшчэ 500 мільёнаў крэдытных долараў Беларусі павінен быў вылучыць Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця.
Грошы з ЕФСР Мінск атрымаў яшчэ 16 кастрычніка. Перад Новым годам на рахунак Мінфіна паступілі і першыя паўмільярда з расійскага дзяржкрэдыту. Другі транш у Беларусі чакаюць у першым паўгоддзі 2021 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.