Лукашэнка падпісаў закон, які забараняе прыходзіць з сабакам на каткі і стадыёны
Лукашэнка і шпіц Умка
1 красавіка Аляксандр Лукашэнка падпісаў Закон "Аб адказным абыходжанні з жывёламі", піша ягоная прэс-служба.
Паведамляецца, што дакумент скіраваны на абарону жывёл ад жорсткага абыходжання, а таксама на забеспячэнне правоў і законных інтарэсаў фізічных і юрыдычных асоб пры абыходжанні з жывёламі.
У законе прадугледжваюцца агульныя правілы абыходжання з жывёламі (жывёламі-кампаньёнамі, лабараторнымі, службовымі жывёламі і жывёламі, якія выкарыстоўваюцца ў культурнай дзейнасці і спорце). Ураду даюцца паўнамоцтвы па вызначэнні пераліку жывёл-кампаньёнаў, якія падлягаюць рэгістрацыі, і парадку іх утрымання ў хатніх умовах. Да ўтрымання небяспечных сабак замацоўваюцца павышаныя патрабаванні (уладальнікі такіх сабак будуць абавязаныя прайсці спецыяльныя курсы і атрымаць пасведчанне). Жывёл забараняецца прадаваць непаўналетнім. На гадавальнікаў напкладаецца абавязак чыпаваць прадаваны прыплод (сабак, катоў). Для ўладальнікаў жывёл-кампаньёнаў уводзіцца права чыпіраванне гадаванцаў.
Таксама ў законе прапісаныя патрабаванні па стварэнні і дзейнасці пунктаў часовага ўтрымання, прытулкаў і гасцініц для жывёл. У прыватнасці, іх забаронена размяшчаць у жылых дамах.
Адным з цікавых момантаў закона з'яўляецца забарона на наведванне з жывёламі-кампаньёнамі (акрамя сабак-павадыроў) харчовых магазінаў, арганізацый аховы здароўя і адукацыі, аб'ектаў культурнай інфраструктуры, фізкультурна-спартыўных збудаванняў. Як вядома, сам Лукашэнка не аднойчы хадзіў у такія ўстановы з сваім шпіцам Умкам.
Асноўныя палажэнні закона набудуць моц з 1 студзеня 2025 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.