Лукашэнка: правядзём кансультацыі з Расіяй наконт транзіту нафты з Казахстана
25 кастрычніка па выніках сустрэчы з прэзідэнтам Казахстана Касым-Жамартам Такаевым Аляксандр Лукашэнка распавёў пра дасягнутыя дамоўленасці. І галоўнае сярод іх — пастаўкі нафты і нафтапрадуктаў.
"Беларусь надае асаблівую ўвагу пытанню дыверсіфікацыі паставак нафты, — цытуе словы Лукашэнкі sb.by. — Таму мы зацікаўлены ў імпарце гэтай сыравіны з вашай краіны".
Раней міністр энергетыкі Казахстана Канат Базумбаеў заявіў, што тэкст пагаднення аб пастаўках нафты і нафтапрадуктаў узгоднены, але мусіць прайсці "унутрыдзяржаўныя працэдуры". У дакуменце не пазначаны аб'ёмы паставак, але акрэслены ўмовы і правілы паставак. Падобную заяву зрабіў і старшыня канцэрна "Белнафтахім" Андрэй Рыбакоў. Паводле яго слоў, перамовы будуць праходзіць на пляцоўках беларускага канцэрна і Мінэнергетыкі Казахстана. Іх камерцыйны складнік ён раскрываць не стаў. "Ён патрабуе цішыні", — цытуе словы Рыбакова БЕЛТА. Пастаўкі могуць пачацца ўжо ў наступным годзе.
У нядаўнім інтэрв'ю журналістам з Казахстана Аляксандр Лукашэнка заявіў, што "Расія не прапускае нафту з Казахстана". Як жа будзе вырашацца гэтая праблема? "Мы дамовіліся, што ў найбліжэйшы час правядзём кансультацыі з Расіяй, паколькі транзіт казахстанскай нафты будзе здзяйсняцца праз тэрыторыю Расіі", — сказаў Лукашэнка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.