Лукашэнка пра кантроль яўрэяў, "рускі свет" і баевікоў-беларусаў ва Украіне
Штогадовае пасланне доўжылася толькі 2 гадзіны, а пытанняў у дэпутатаў было зусім мала. Прапануем самыя цікавыя моманты з выступу.
29 красавіка Аляксандр Лукашэнка на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі выступіў з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу.
***
У 13.40 сумеснае паседжанне Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі было аб'яўлена закрытым, паколькі пытанняў да Лукашэнкі больш не было.
Дэпутат Міхалькова з Жыткавічаў пра амністыю асобаў, якія прыцягваюцца за эканамічныя злачынствы. Напрыклад, прадпрымальнікаў. Лукашэнка сказаў, што тут павінен быць індывідуаьны падыход.
Сенатар Мікалай Казаравец пытаўся пра падатковыя льготы для інвестараў. Будзе гэта індывідуальны падыход, сказаў Лукашэнка. Нагадаў, што Кітай выдзеліў Беларусі агулам каля 15 млрд долараў крэдытаў. Але не хапае добрых праектаў, каб там была гарантаваная акупляльнасць.
Дэпутатка з Пінска спыталася пра праблемы ў прамысловасці, пра рэструктырызацыю запазычанасці па раней атрыманых крэдытах. Ці не будзе прамая дзяржаўная падтрымка такіх прадпрыемстваў? Напрыклад, шляхам унясення грошай у статутны фонд.
Лукашэнка здзівіўся: навошта іх уносіць, калі там і так 100%! Крэдыты за іх плаціць не будзем, але тым, хто "варушыцца", дапамагаць будзе.
Пра беларускіх баевікоў ва Украіне і амерыканцаў
Дэпутат Яўген Абаленскі з Салігорска спытаўся пра "мінскі фармат", ці не далучацца ЗША да вырашэння сітуацыі ва Украіне?
Спачатку Лукашэнка сказаў пра свой выступ: "Усё, што я сказаў сёння, гэта сур'ёзна. Пазіцыя незалежнасці для мяне святая і я ніколі не адыйду ад яе".
Далей ён вярнуўся да адказу на пытанне. Паводле яго слоў, перамовы ў Мінску — гэта важна для краіны і яе іміджу. Але важна больш тое, што "вайна ідзе ў нас". Пакуль не гарачая, гарачая — побач. Мы ўжо ўцягнутыя ў яе. Нашы ваююць на адным баку і на другім. Праўда, няшмат — адзінкі. Хтосьці голавы хоча скласці за 10 тысяч долараў... Вайна калісьці скончыцца, а гэтыя баевікі, панюхаўшы крыві, вернуцца дахаты. Мяне вельмі гэта хвалюе.
Галоўнае — ніхто не павінен гінуць, не нацыяналісты, не рускія людзі, якія дапамагаюць Данбасу, ні "апалчэнцы". Людзі павінны мець перспектыву на жыццё.
Калі падключацца амерыканцы, там будзе мір, сказаў Лукашэнка.
Выступленне Лукашэнкі скончылася ў 13.06. Дэпутаты і сенатары пачалі задаваць пытанні.
13.04. Пра абарону. "Маем планы, у выпадку абвастрэння сітуацыі, падняць і ўзброіць паўмільёна беларусаў".
12.59. Мы ганарымся, што ў нас такія выдатныя адносіны з такімі гігантамі, як Кітай, Індыяй і Расія. Наладжваюцца адносіны з Еўрасаюзам, адным з асноўных нашых партнёраў у гандлі. Лукашэнка кажа і пра нармалізацыю адносінаў з ЗША.
12.50. Мы рускія людзі, але гэта не значыць, што мы — расіяне.
Аб "рускім міры". Беларусь — першая на постсавецкай прасторы надала статус дзяржаўнай рускай мове. Мы — частка гэтай культуры. І рускія людзі нямала дапамаглі беларускай культуры. Тут цяжка разарваць усё гэта.
Рускіх людзей ніхто ў Беларусі не крыўдзіць. Мы іх тут не бачым, бо яны такія ж як беларусы. Нам людзей не хапае ў краіне. Нам трэба 20 млн насельніцтва. Чаму ж мы будзем праводзіць дзікую нацыяналістычную палітыку?! Гэта ж глупства выгнаць людзей з краіны.
Кажуць: Беларусь узяла нейкі ўхіл на Захад. Можа ў галаве ў каго і ёсць ухіл. Мне хіліцца няма куды. Гэта я на Захадзе не ўязны. Глупства. Мы вашы браты, будзем разам. Але дазвольце нам мець сваю кропку гледжання, свой погляд на свет.
Мы дамовіліся з прэзідэнтам Расіі. Мы па-сяброўску абмяркоўваем праблемы, якія ўзнікаюць.
ЗША мяне разумеюць, калі я кажу: "мужыкі, вы павінны ведаць, калі , не дай Бог, што здарыцца, мы будзем плячо да пляча з Расіяй". Мы былі з Расіяй разам і будзем заўсёды.
У Расіі ёсць сілы (у тым ліку і ва ўладзе), якія вельмі хочуць абмежаваць уплыў беларускай мадэлі развіцця, Лукашэнкі на працэсы, якія адбываюцца ў Расіі. І яны пачынаюць нас "квасіць". Не звяртайце ўвагі. Гэта пройдзе.
Мы дамовіліся: у нас свой Парад, у нас свае мерапрыемствы. Таму прэзідэнт мусіць быць на месцы, у краіне, з народам. Другога ж прэзідэнта няма!.. Які ўхіл? Мы прыедзем у былую сталіцу нашай Радзімы Маскву 8 траўня і адзначым "рускі мір". Так і перадайце свайму кіраўніцтву (Лукашэнка сказаў гэтыя словы расійскаму паслу).
Мы незалежная краіна. Мы хочам жыць у сваёй кватэры, мець свой куток. Калі хтосьці думае, што нас можна гэтага пазбавіць, ніколі такога не будзе. І нікому мы не створым праблемы.
Георгіеўская стужка. У Віцебскай вобласці "дзеячы" з'явіліся, якія папракаюць, што на дарогах з'явіліся надпісы на беларускай мове. У нас ёсць родная беларуская мова, і руская мова, таксама родная. Мы не забаранялі георгіеўскія стужкі. Малайцы, нашы камсамольцы, яны ўнеслі свой варыянт стужкі — яблыневую кветку. Можа штосьці прыдумаем новае.
12.43. Лукашэнка гаварыў пра беларускую знешнюю палітыку, пра яе шматвектарнасць. Ён аспрэчвае, што ўдзел у Еўразійскім эканамічным саюзе пагражае незалежнасці Беларусі.
Ён лічыць, што ў будучыні будзе пабудавана адна Еўропа, "ад Атлантыкі да Ціхага акіяну". Па словах Лукашэнкі, ЕАЭС знойдзе агульную мову з ЕС.
Расія застаецца галоўным стратэгічным партнёрам Беларусі.
12.37. Аляксандр Лукашэнка гаварыў пра парламент і яго працу. Згадаў пра праект закона "Аб барацьбе з карупцыяй". "Хацелася б, каб у другім чытанні мы маглі аператыўна прыняць гэты закон. Глядзіце, каб ён не быў выхалашчаны. Гэты закон мусіць запрацаваць у бліжэйшы час", — сказаў Лукашэнка.
Ніколі не адмаўляйцеся ад дыскусій нават з самымі крайнімі нашымі апазіцыянерамі, нават з "пятай калонай". Ён нават не забараняе ім сябраваць з апазіцыянерамі.
Пра апазіцыянераў: "Не ўсе яны шкодныя і гадкія. Не ўсе яны хочуць шкоды нашай краіне...".
Нам канфрантацыя ўнутры краіны абсалютна не патрэбная. Трэба размаўляць з усімі.
12.30. Пра дзяржаўны апарат. "Губляць прафесіяналаў мы больш не можам, інакш прайграем у канкурэнтнай барацьбе ў замежнымі краінамі".
12.20. Высокага ўзроўню нам патрэбныя літаратура, жывапіс. Лукашэнка спыніўся на кіно. Амаль палова расійскіх серыялаў здымаецца тут, у Мінску. Па расійскім ТБ вывучаю мінскія ўскраіны. Мы што, не можам стварыць гэтыя фільмы? Іх з задавальненнем глядзелі б людзі.
У пасцелі, гляджу, кувыркаюцца нашы дзяўчаты ў расійскіх фільмах. У нас фільм такі, калі не распрануў каго ці галаву не адарваў, ніхто глядзець не хоча. Няпраўда. Людзям гэта надакучыла ўжо.
У нас некаторыя кадры ў СМІ засядзеліся. Працаваць не хочуць. Больш таго, я атрымліваю і больш сумныя факты аб дзейнасці кіраўнікоў асноўных СМІ. Разбярыцеся.
"Павел Ізотавіч (Якубовіч, галоўны рэдактар "СБ. Беларусь сегодня" — Еўрарадыё), гэта не мае нічога агульнага з ўзростам. Я ж у агульным сказаў, а вы за сэрца схапіліся...".
12.15. Пра масавую фізкультуру ў Беларусі.
"Неяк быў у Францыі і пайшоў у Булонскі лес. Такога бруду я не бачыў. Праз перакладчыкаў з людзьмі размаўляў. Як мурашкі бегаюць па гэтым лесе...".
А беларусы любяць паляжаць на канапе. Нават кіраўнік нашай Каталіцкай царквы з вялікім задавальненнем не толькі ў футбол гуляе, але і на ровары ездзіць.
"Хочаце быць здаровымі, круціце педалі". У нас масавая фізкультура на нізкім узроўні знаходзіцца.
Лукашэнка гаварыў пра праблему наркотыкаў і алкагалізацыі насельніцтва. Абмежаванне ўзросту продажу алкаголю не дасць выніку, адзначыў ён.
Гаварыў пра тое, што настрой падымаецца ад сухога віна. "Настрой. І не больш", падкрэсліў Лукашэнка. Прыгадаў у гэтай сувязі некаторых прысутных чыноўнікаў.
12.14. "Не забудзь казлёнка адвесці туды, што мы паабяцалі", — прыгадаў Лукашэнка. Гэта пра нядаўнюю паездку Лукашэнкі і размову з сырадзеламі.
12.09. Лукашэнка пра надвор'е (у Мінску — навальніца). "Шапіра ў сінагозе маліўся, толькі ў Мінскай вобласці ідзе дождж. Маладзец, Сямён Барысавіч".
Пра дармаедаў. Можа нешта ва ўказе не дапрацавалі. Вывучайце заўвагі. Лукашэнка згадаў публікацыі пра дармаедаў на партале tut.by.
"Сямён Барысавіч (Шапіра, старшыня Мінаблвыканкама — заўв. Еўрарадыё), Зісер гэты ваш непрыстойна сябе паводзіць, я гляджу... Я ж вас год таму прасіў усіх яўрэяў у Беларусі ўзяць пад кантроль. І нават Павел Ізотавіч не абураўся. А Зісера мы ніяк не можам нармалізаваць. Паглядзіце ўважліва!”
12.02. Аляксандр Лукашэнка гаварыў пра сям'ю, пра тое, што ў сям'і павінна быць 3 дзяцей.
"Усе жанчыны-дэпутаты, якія не маюць трое дзяцей, да канца падумайце, як вы нараджаць будзеце".
Лукашэнка распавёў пра размову з нейкім рэлігійным дзеячам: "Ваша свяцейшаства, а колькі дзяцей у вас? Няма. Дык што ж вы агітуеце за дзяцей?... Упэўнены, што паціху дзесьці-штосьці касячаць (смех у зале). Я нават ведаю гэта! Дзеці павінны быць, каб ты быў чалавекам".
Кіраўнік дзяржавы гаварыў пра маладзёжную паліытку, пра тое, што расце колькасць пенсіянераў. На сённяшні дзень іх 2 млн 100 тысяч. Паводле слоў Лукашэнкі, ніводны сталы чалавек у Беларусі не павінен быць пакінуты, застацца без апекі.
11.54. Павышэнне прававой культуры ў эканоміцы. Даручаю ўраду, Адміністрацыі прэзідэнта і судам да канца года распрацаваць адпаведныя дакументы.
Аб сацыяльнай палітыцы. Усе заўтра будзем на пенсіі і жыць з пенсіі. Не будзе чорных партфеляў, чорных аўтамабіляў. Рана ці позна мы акажамся простымі людзьмі. Трэба гэта памятаць і ствараць нармальную дзяржаву для народа.
Дэмаграфія і падтрымка сем'яў. Амаль у 4 разы ўдалося скараціць зніжэнне насельніцтва, нягледзячы на некаторыя негатыўныя прагнозы, у тым ліку і на 2015 год.
Ахова здароўя. Беларусы ўсё умеюць рабіць. "Адначасова вынялі ў чалавека органы і пасля ўставілі. І ён жыве!" У нашай краіне ёсць суперспецыялісты, якія цяпер і АЭС будуюць.
Беларускія прадпрыемствы, якія працуюць на космас, завалены замовамі.
11.50. Прыток валюты ў краіну. Трэба мяняць не толькі геаграфію экспарту, але і яго структуру. Трэба мяняць падыходы да продажу нашых тавараў.
"Мы спачатку зробім тавар, а пасля гераічна, ад селяніна да прэзідэнта, шукаем, хто б гэта купіў", кажа Лукашэнка.
Новыя падыходы да развіцця сельскай гаспадаркі.
11.45. Бізнес. Умовы вядзення бізнесу павінны быць простыя і зразумелыя.
Развіццё фінансавых рынкаў і неабходных капіталаў. Мегарэгулятарам стане наш Нацбанк. Наш фінансавы рынак мусіць быць інтэграваны ў сусветны. Акцыі вядучых прадпрыемстваў краіны мусяць быць размешчаныя на сусветных біржах. "Каб прыцаніцца, а не з малатка ўсё пусціць".
Амністыя капіталу. Трэба падумаць, як зрабіць Беларусь прывабнай для заможных людзей з усяго свету. Трэба, каб капіталы вярнуліся з ценю.
Дэверсіфікацыя. Пошук новых рынкаў. Трэба кампенсаваць зніжэнне экспарту на рынкі Расіі і Украіны пошукам іншых рынкаў.
11.33. Лукашэнка гаворыць пра МАЗ. "Калі мы згубім гэты аўтамабіль, грош нам цана. Наша шчасце, што мы ў свой час не зламалі гэтае... Мы з КАМАЗам дзялілі Расію. КАМАЗ сёння абваліўся і мы спыніліся".
Хопіць жартаваць. Мы возімся з 100-й прадпрыемстваў, а пасля ахаем-охаем, што курс абваліўся.
Будзе створаны новы механізм бюджэтнай падтрымкі: "Бюджэціраванне, арыентаванае на вынік".
Лукашэнка: "Мы чаго стогнем і плачам, у нас што, вайна сёння ідзе? Мы што, рэсурсы атрымліваем па самай высокай цане? Колькі мы эканомім з-за падзення курса на прыродным газе?! У нас нармальная сітуацыя.
Некаторыя былыя кіраўнікі вызваліліся і цяпер іх спрабуюць уладкаваць. Столькі хадакоў... Я напісаў адну рэзалюцыю на ўсіх, каго спрабуюць уладкаваць: Усіх на фронт!
Антыманапольная і антытарыфная палітыка.
Лукашэнка крытыкуе ўрад, што з-за мяжы ўвозіцца шмат аўтамабіляў, халадзільнікаў, тэлевізараў. І гэта падрывае нашу эканоміку. А трэба абараняць айчыннага вытворцу.
11.30. Зніжэнне інфляцыі. Для нас гэта прыярытэтная задача. Людзей хвалюе рост цэн. "Цэны ж растуць у нас ад Кабякова".
"У нас цэны ўсе практычна пад кантролем... Па свініне і трымаць цэны не трэба, яны настолькі ўпалі".
Калі мы не можам павысіць заробак і не трэба яго павышаць. Нас ніхто і не просіць іх павысіць. Вы не забірайце ў людзей лішнія грошы за камунальныя плацяжы, і не трэба будзе павышаць заробкі.
Трэба захаваць існы ўзровень жыцця людзей. Значыць, прадпрыемствам трэба зніжаць затраты не за кошт заробкаў людзей.
11.18. Лукашэнка адзначае важнасць паказаць, якім чынам будуць адбывацца змены ў эканоміцы. Ён анансуе важныя рашэнні ў эканоміцы, якія будуць прынятыя сёлета.
Эфектыўнае кіраванне эканомікай. Кожны мусіць займацца сваёй справай і даваць вынік, кажа Лукашэнка. І падрабязна расшыфроўвае, чым займаецца ўрад, міністры, дырэктары.
"Калі хтосьці кіраваць, гледзячы з кабінета Дома ўраду, гэта не той падыход", адзначыў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, урад мусіць вызначаць стратэгію, дамагацца яе рэалізацыі. "Урад мусіць быць рэгулятарам".
У нас хутка развіваюцца IT-тэхналогіі і маем значныя поспехі, апярэджваем усе краіны на постсавецкай прасторы.
Удасканальванне кантроля за эканомікай. Патрэбныя ініцыятыва, разняволенасць, магчымасць ісці на разумную рызыку. Упор зробіць на падатковую ініцыятыву. Прамое ўказанне атрымала падатковая служба: "Падаткі, падаткі і яшчэ раз падаткі. Заплаціў падаткі і ідзі спі спакойна".
Калі мы прыходзім на прадпрыемсты з кайданкамі ці з пісталетам, мы цвёрда павінны быць перакананы, што там былі злачынствы, сказаў Лукашэнка. Толькі з яго дазволам можна, паказаўшы "канкрэтныя факты".
11.15. "Нашая заслуга, што Беларусь застаецца астраўком міру, спакою". Трэба зберагчы мір, нашу незалежнасць. "Лёс нашай краіны вырашаецца ў эканоміцы, менавіта ў ёй гарантыя нашай незалежнасці".
Лукашэнка прызнае, што тэмпы росту эканомікі скараціліся, а многія прадпрыемствы не знаходзяць рынкі збыту, што "буксуе" прамысловасць. Людзей цікавіць, то будзе далей, з тымі ж заробкамі.
11.08. Вельмі насычаны год, таму Пасланне будзе некалькі своеасаблівым, сказаў Лукашэнка. Ён выкажацца на тэму 70-годдзя Перамогі і спробаў перапісаць гісторыю. Спыніцца на Парадзе Перамогі. Паводле слоў Лукашэнкі, на працягу года будуць праведзеныя тры нарады: па сельскай гаспадарцы, па сітуацыі ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы і аналізу сітуацыі ў адукацыі (паколькі ёсць скаргі настаўнікаў і бацькоў дзяцей). Панастваралі факультэтаў, якія дублююць адзін аднаго, а па некаторых спецыяльнасцях спецыялістаў не хапае, сказаў кіраўнік дзяржавы.
Чацвёртае — перадвыбарчая праграма прэзідэнта.
Фота: БЕЛТА, Еўрарадыё