Лунінецкія “Рамэо і Джульета” вярнуліся з Масквы
Лунінецкія “Рамэо і Джульета”, Артур і Вераніка, вярнуліся з Масквы. 17-гадовыя хлопец і дзяўчына ўжо вучацца ў сваіх навучальных установах. Іх вышук спынены, інфармуе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу УУС Брэсцкага аблвыканкама.
Як паведамляла Еўрарадыё, непаўналетнія зніклі ў сярэдзіне кастрычніка. Яны навучаліся ў мясцовых каледжах. Дзяўчына пяць разоў прыцягвалася да адказнасці за распіцце спіртных напояў у грамадскіх месцах. У выніку яе накіравалі ў Магілёў у ПТК закрытага тыпу. Каб пазбегнуць пакарання і не расставацца, маладыя людзі і вырашылі ўцячы. Была неафіцыйная інфармацыя, што хлопец працаваў у расійскай сталіцы на будоўлі, а дзяўчына — афіцыянткай. На форумах і ў СМІ іх ахрысцілі "Рамэо і Джульетай".
Дырэктар Лунінецкага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа сельгасвытворчасці Іван Раковіч кажа, што Артур вучыцца, ён атрымае дысцыплінарнае спагнанне. Хлопец напісаў тлумачальную запіску і пісьмовае абавязацельства пракладна сябе паводзіць у будучыні, інакш яго адлічаць з навучальнай установы (яму засталося давучыцца 7 месяцаў). Вядома, што Вераніка наведвае заняткі лунінецкага палітэхнічнага каледжа.