Лявон Вольскі заспявае на французскай і харвацкай мовах
16-га снежня у вялікай зале КЗ "Мінск" адбудзецца канцэрт Лявона Вольскага з праграмай "Белая яблыня грому", на вершы вядомых беларускіх пісьменнікаў.
На прэзентацыі праекта, якая праходзіла яшчэ ў сакавіку, шмат якія песні былі выкананыя дуэтам. Напрыклад, з Уладзімірам Пугачам ці Ганнай Вольскай. Гэтым разам музыка рыхтуе новыя дуэты. Праўда, пакуль невядома, ці здолеюць сабрацца ўсе былыя ўдзельнікі.
Лявон Вольскі: "Пакуль што анансаваць рана, бо там той не можа, той будзе замяняцца, але дуэты будуць безумоўна. Будуць Аня Хітрык і Саша Памідораў дакладна, мы з імі падпісалі негалоснае пагадненне. Плюс яшчэ дадаюцца дзве песні ў паэтычную праграму на вершы Анатоля Сыса і на вершы Уладзіміра Караткевіча. Караткевіча называецца "Амаль хрысціянскі тост за ворагаў", а Сыса - "Хто натхніць мяне на смерць".
На
прэзентацыі праекта падчас выканання песень ладзілася відэаінсталяцыя,
на якой з невялічкай бабінкі вырастаў партрэт паэтаў-аўтараў
выконваемай кампазіцыі. Прычым, гэтыя партэты намаляваў сам Лявон Вольскі. А гэтым разам, улічваючы больш шырокія тэхнічныя магчымасці, плануецца і больш багатая відэаінсталяцыя.
Лявон Вольскі: "Я
спадзяюся, яна будзе значна багацейшая, чым тым разам. Будзе лепшая
апаратура, відэа будзе больш разнастайнае. Будуць не толькі малюнкі,
там будзе шмат фотаздымкаў. Зараз якраз над гэтым працуюць кліпмэйкер Мацвей Сабураў і наш дызайнер Ігар Назаранка.
Яны зараз падбіраюць фота і відэаматэрыялы, таксама нейкая частка будзе
брацца з архіваў. Карацей, больш грунтоўна будзем падыходзіць гэтым
разам".
Каб скончыць канцэрт не на мінорнай ноце, падчас другога аддзялення плануецца выступ гурта "Крамбамбуля". Прычым, па словах Лявона Вольскага, будзе анансавацца новая праграма, у якой гучаць традыцыйныя песні розных еўрапейскіх народаў.
Лявон Вольскі: "Гэта,
безумоўна, будзе гучаць сучасна, не тое што цымбалы ды гармонік.
Некалькі песень я выканаю на мовах арыгіналаў, напэўна, гэта будзе
французская ды харвацкая. Але новы альбом яшчэ толькі на сярэдзіне
работы, можна сказаць. Тым не менш, у цяперашняй сітуацыі не варта
песні заціскаць аж да выхаду альбома, з гэтым матэрыялам мы будзем
знаёміць на ўсіх канцэртах. То бок ужо гатовыя ў нас тры беларускія
традыцыйныя песні і чатыры іншаземныя".
Дарэчы, выхад новага альбом "Крамбамбулі" плануецца пад "Дзень святога Валянціна".
Лявон плануе 14 лютага паўтарыць канцэрт амаль трохгадовай даўніны,
калі прысутнічаў і сам Валянцін, які на месцы рэгістраваў шлюб
закаханых пар. Але пакуль іншыя падрабязнасці гэтага мерапрыемства не
вядомыя.
Што ж тычыцца "Белай яблыні грому", то выступ пачнецца а 19-й гадзіне, квіткі на канцэрт каштуюць ад 30 да 80 тысяч рублёў.
Фота: Tarantino