Лявоны "Спявай, Лявон"
Апошнім часам у Беларусі стала модным вяртацца. На сцэну. Дастаткова ўзгадаць рэюніёны "Жнюва", Hasta la Fillsta, Gods Tower, "культавага" Rouble Zone.
У гэты шэраг можна дадаць і адзін з найбольш дзіўных айчынных гуртоў — “Лявоны”, якія вырашылі зноўку нагадаць пра сябе альбомам “Спявай, Лявон”.
“Спявай, Лявон” — другая пласцінка каманды пасля 10-гадовага маўчання. І калі першая — “История продолжается” — дазволіла ўспомніць рэпертуар старых “Песняроў”, дык дадзеная пайшла сваім шляхам, сабраўшы ў кіпу новае і тое, што заляжалася на пыльных паліцах, як, напрыклад, песня “Дайнова”.
Альбом “Спявай, Лявон” бянтэжыць 14-цю кампазіцыямі, прычым хронаметраж некаторых песень — каля 5 хвілін. У выніку цягам амаль гадзіны слухачу давозіцца пагружацца ў стылістычную мяшанку фольк-попа, хард-рока і савецкага рэтра 1970-х. Выдатны інструментал і пазнавальныя аранжыроўкі спалучаюцца з прыгожымі, часам занадта “мулявінскімі”, галасамі, пачкі якіх хоць і прэтэндуюць, аднак яўна прайграюць вядомым на ўвесь свет уласна песняроўскім.
“Ганна, давай нам скварку, Пёта, налі ў чарку…” Прыехалі! Часам тэксты альбома “Спявай, Лявон” пахнуць беларускімі Дажынкамі, з-за чаго больш-менш ўдалая музычная частка пераўтвараецца ў звычайны “калябяседаўскі” папсняк, які так прапагандуецца айчынным радыёкропачным і тэлеэфірам. Калі ж да “чарак” дадаць яшчэ і “Венеру” і караткевіцкую “Женщину с сиренью”, дык атрымоўваецца ўвогуле бардак у канцэпцыі і бруд у праслухоўванні.
Увогуле, хочаш-не хочаш, ізноў узнікае імя “Песняроў” і тая колькасць псеўдапесняроў, якая развялася пасля смерці Мулявіна. Нягледзячы на спробу паказаць нешта сваё, “Лявоны”, тым не менш, абапіраюцца на знаёмыя матывы. Наўрад ці, выступаючы недзе за мяжой (а, магчыма, такое бывае), гурт выконвае тую ж “Дайнову” ці “Венеру”. Ударылі па “Касіў Васіль сена” —і пакасілі…