Маці забітай Балыкінай папрасіла прысудзіць Вішталюка да расстрэлу
Маці забітай беларускай лёгкаатлеткі Юліі Балыкінай папрасіла прысудзіць 29-гадовага Дзмітрыя Вішталюка да расстрэлу, інфармуе sputnik.by. Яна сказала, што жыццё без дачкі для яе не мае сэнсу. "Ён забіў не адну яе, ён забіў нас усіх", — сказала жанчына. Гучны працэс праходзіць у Мінскім гарадскім судзе. Вішталюк мае расійскае грамадзянства, раней ён не меў праблем з законам. Учора мужчына цалкам прызнаў сваю віну.
У забойстве Балыкінай у лістападзе 2015 года абвінавачваюць яе бойфрэнда. Злачынства ён быццам учыніў у стане наркатычнага ап'янення. Жанчыне былі нанесеныя 12 удараў малатком, прычым 11 з іх — па галаве, пасля чаго цела вывез у Смалявіцкі раён і схаваў у лесе. Паводле слоў Дзмітрыя Вішталюка, прычынай сваркі стаў канфлікт у працэсе рамонту кватэры. Яго вінавацяць не толькі ў забойстве, здзейсненым з асаблівай жорсткасцю, але і ў крадзяжы ды ўгоне транспартнага сродку.