Магілёўца пазбавілі правоў кіроўцы, якіх у яго ніколі не было
Мужчына трапіў у чорныя спісы ДАІ пасля язды на мотаблоку. Еўрарадыё разбіралася, за што забараняюць здаваць на вадзіцельскае пасведчанне.
Жыхар Магілёва Ігар Караленка ўпершыню ў жыцці адважыўся здаць на правы ва ўзросце 45 гадоў. Адвучыўся ў аўташколе, а калі прыйшоў на іспыты, то раптоўна для сябе не быў да іх дапушчаны.
“Гэта здарылася з-за мінулагодняга выпадку. Ехаў па вуліцы Кірава на мотаблоку. Спыніла ДАІ. Ехаў не п’яны, але адмовіўся ехаць на медыцынскі агляд, ― выкладвае сваю версію здарэння Ігар Караленка. ― Аказалася, што тым самым я прызнаў тое, што нібыта быў нецвярозы. Не паехаў на медыцынскі агляд, бо пабаяўся пакінуць на дарозе мотаблок. У прычэпе ляжалі трымер і піла, баяўся іх згубіць. А мне даішнік кажа: “Ну, ладна, правоў няма, штраф табе будзе невялікі”. А далі 3,5 мільёны. Лажануўся я і ў тым, што не паехаў на медагляд. Але пазбаўляць правоў мяне за што? Мотаблок жа не з’яўляецца транспартным сродкам! І правоў на той момант, калі мяне спыніла ДАІ, не было. Гэта пасля я адвучыўся ў аўташколе, сёлета пайшоў здаваць, а мне кажуць: “Ты пазбаўлены правоў!” А чаму пазбаўлены, калі ў мяне тых правоў ніколі не было?”
Абурэнне Ігара Караленкі па-чалавечы можна зразумець. Мотаблок ― сельскагаспадарчая прылада, пры дапамозе якой аруць зямлю. Такі сабе ручны трактарчык. У той жа час, да прыстасавання мацуецца вазок, і можна ўжо ехаць. Праўда, разганяецца мотаблок усяго да 11 км/г.
Вось на такім мотаблоку ехаў Ігар Караленка
Цікавімся ў Яўгена Жылінскага, начальніка аддзялення агітацыі і прапаганды ДАІ Магілёўскага аблвыканкама, чаму чалавек не змог здаць іспыты і атрымаць вадзіцельскае пасведчанне? Здаваў жа ўпершыню ў жыцці!
“Цяпер пазбаўляюць не вадзіцельскага пасведчання, а права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі, ― тлумачыць юрыдычныя нюансы Яўген Жылінскі. ― І нават калі ў вас не было пасведчання, то вас усё адно пазбавяць права на кіраванне. Ездзіць, навучацца яздзе вы не зможаце. На тры гады пра гэта забудзьце! Тое, што ты баяўся нібыта, што з мотаблока нешта скрадуць, то супрацоўнікі ДАІ звычайна завозяць людзей дадому, каб у такіх выпадках усё выгрузіць, а потым паехаць на медагляд. Хоць па дарозе, хоць па полі ты едзеш: калі супрацоўнік ДАІ сказаў прайсці медагляд, то гэта неабходна рабіць па першым патрабаванні”.
Еўрарадыё: Не зусім зразумела, чаму права на кіраванне пазбавілі за язду на мотаблоку. Ці гэта механічны транспартны сродак?
Яўген Жылінскі: Зразумела, бо на ім усталяваны рухавік унутранага згарання. Ён жа не на возе ехаў, які цягне конь. Пастаўце на гэты мотаблок кузаў ад “Жыгулёў” ― і вось вам амаль легкавы аўтамабіль. Увогуле, мотаблок ― гэта сельскагаспадарчая тэхніка. Ён нават не падлягае рэгістрацыі. Ездзіць на ім можна толькі па полі. Па дарозе агульнага карыстання яму рух забаронены”.
Ігар Караленка не пагадзіўся з пакараннем і звярнуўся з адпаведнай скаргай у ДАІ. Гэта яму не дапамагло. Потым быў зварот у Генпракуратуру. А цяпер рыхтуюцца дакументы ў суд. Магілёвец лічыць, што мае добрыя шанцы перамагчы. Па-першае, інспектар ДАІ спыніў Караленку і запатрабаваў прайсці медагляд на пачатку жніўня 2013 года. А змены ў заканадаўстве, дзякуючы якім яго на тры гады пазбавілі правоў на кіраванне, набылі моц праз некалькі месяцаў пасля інцыдэнту ― восенню.
“Закон жа зваротнай сілы не мае! Пазбавіць мяне магчымасці атрымаць вадзіцельскае пасведчанне не маглі, ― перакананы Караленка. ― Да таго ж, у пашпарце на мой мотаблок пазначана, што ён не з’яўляецца транспартным сродкам”.
Дарэчы, інспектары сталічнай ДАІ, калі б сёння сутыкнуліся з чалавекам, які едзе на мотаблоку, паставіліся б да яго гэтак жа, як і ў Магілёве. Нават калі няма вадзіцельскага пасведчання, права на кіраванне транспартным сродкам за адмову ад праходжання медагляду пазбавяць на тры гады. А пры паўторным “залёце” распачнуць крымінальную справу, і мотаблок канфіскуюць.
“Тры гады чалавек не зможа атрымаць вадзіцельскае пасведчанне, не зможа здаваць экзамены ў ДАІ”, ― кажа інспектар па агітацыі і прапагандзе сталічнай ДАІ Арцём Цыбулька.
Еўрарадыё: Тое ж самае будзе, калі чалавек едзе на скутары, матор якога слабейшы за 50 см3?
Арцём Цыбулька: Так. Пры гэтым, для язды на такім скутэры неабходная наяўнасць вадзіцельскага пасведчання катэгорыі АМ. Каб яго атрымаць, трэба здаць толькі тэарэтычны экзамен. Ездзіць на такім скутары можна з 16 гадоў.
Калі ж п’яны едзе на ровары ці кіруе з воза канём, то магчымасці атрымаць вадзіцельскае пасведчанне не пазбавяць. Названыя транспартныя сродкі не з’яўляюцца механічнымі. Звычайна вінаватым пагражае штраф ад адной да трох базавых велічынь.
Не пазбавяць права на кіраванне транспартным сродкам, калі вы ўдзельнічаеце ў дарожным руху ў якасці п’янага пешахода.
“Проста калі чалавек знаходзіцца ў нецвярозым стане, то штраф на яго накладаецца большы, чым калі цвярозы пешаход перасякае дарогу ў недазволеным месцы”, ― рэзюмуе Арцём Цыбулька.
Еўрарадыё будзе сачыць за развязкай гісторыі, у якую трапіў на мотаблоку магілёвец Ігар Краленка.