Магілёўскі аблвыканкам не будзе вяртаць скандальны верш на помнік Пушкіна

Магілёўскія ўлады не збіраюцца вяртаць радкі са скандальнага верша "Паклёпнікам Расіі" на бюст Аляксандра Пушкіна. Гэта вынікае з афіцыйнага адказу намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерыя Малашкі дзеячу рускага руху ў Беларусі Андрэю Герашчанку, піша nn.by.

Нагадаем, што верш на помніку выклікаў рэзкую рэакцыю грамадскасці, бо ён быў напісаны з нагоды разгрому беларуска-польскага паўстання 1830-1831 гадоў. Пасля розгаласу чыноўнікі прыбралі радкі верша "Паклёпнікам Расіі", што, у сваю чаргу, выклікала абурэнне прарасійскіх сіл у Беларусі.

У Магілёве паставілі помнік Пушкіну з вершам супраць паўстання 1830 года

Скандальны верш на бюсце Пушкіна зацверджаны магілёўскімі чыноўнікамі

Скандальны надпіс на бюсце Пушкіна ў Магілёве выдаляць

Ад міністра культуры патрабуюць вярнуць скандальны верш на бюст Пушкіна

Валерый Малашка ў адказе Герашчанку піша, што верш, напісаны ў ХІХ стагоддзі меў просты сэнс і быў "адказам паэта на пагрозы Расіі з боку Захаду".

Але цяпер, адзначае чыноўнік, ёсць суверэнныя дзяржавы — Расійская Федэрацыя і Рэспубліка Беларусь з рознымі грамадскімі арганізацыямі. "Гэтыя радкі маглі атрымаць розную ідэалагічную інтэрпрэтацыю, не адэкватную афіцыйнай пазіцыі. У сувязі з чым, а таксама на падставе водгукаў, якія з'явіліся ў інтэрнэце на ўстаноўку помніка, кіраўніцтвам гарвыканкама было дадзена ўказанне па змене выгляду пастамента, на жаль, гэта было выканана у дзень дзяржаўнага свята Расійскай Федэрацыі і не мела антырасійскай скіраванасці", — адзначае чыноўнік.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі