Магілёвец не прачнуўся, пакуль над ім ехаў грузавы цягнік
Грузавы цягнік не змог пабудзіць магілёўца, які заснуў у чыгуначнай каляіне. Здарэнне адбылося ўвечары 8 траўня паблізу чыгуначнага пераезду на скрыжаванні вуліц Вішнявецкага і Ямніцкай, паведамляе прэс-служба УУС Магілёўскага аблвыканкаму.
Грузавы цягнік са ста вагонаў накіроўваўся з Магілёва ў Жлобін. На перагоне Магілёў 2 — Буйнічы машыніст заўважыў, што ў каляіне метраў за 200 ад цягніка ляжыць чалавек. Ён стаў экстрана тармазіць. Аднак цалкам цягнік спыніўся, калі над мужчынам праехалі ўжо пяць вагонаў. Тым не менш магілёвец працягваў спакойна спаць: яго не пабудзілі ні гукавыя сігналы, ні стук колаў.
Прывесці ў прытомнасць 69-гадовага мужчыну змаглі толькі спецыялісты лакаматыўнай брыгады, а потым работнікі хуткай меддапамогі, якія даставілі яго ў лякарню. Абследаванне не выявіла ў мужчыны ніякіх цялесных пашкоджанняў.
На магілёўца склалі адміністрацыйныя пратаколы за знаходжанне на шляхах ў неўсталяваным месцы і з'яўленне ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап'янення.
Гэта не першы такі выпадак на Магілёўшчыне. Як распавядала Еўрарадыё, у ліпені 2018-га на рэйках каля Бабруйска заснуў 40-гадовы мужчына. Грузавы цягнік, які праехаў над ім, не змог пабудзіць нецвярозага мужчыну.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.