Макей: Трэба зрабіць так, каб народ бачыў, што мы дзяржава з даўнімі традыцыямі
Неабходна, каб беларуская гісторыя была напісаная аб’ектыўна, каб усе бачылі, што гісторыя нашай дзяржавы сягае далёка ў мінулае. Бо сёння беларускую гісторыю прысвойваюць сабе шмат якія іншыя дзяржавы. Пра гэта заявіў кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства Уладзімір Макей па заканчэнні цырымоніі адкрыцця ў цэнтры Мінска мемарыяльнай дошкі на месцы размяшчэння ў 1919 годзе Камісарыята па замежных справах Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь.
Макей: “На жаль, так атрымліваецца, што нашу беларускую гісторыю прысвойваюць сабе шмат якія іншыя дзяржавы. Напрыклад, я лічу, што абсалютна няправільна, калі Ігната Дамейку ў Чылі і Тадэвуша Касцюшку ў ЗША ўспрымаюць як прадстаўнікоў іншай дзяржавы. Таму мы проста абавязаныя зрабіць так, каб беларуская гісторыя была напісаная аб'ектыўна, каб бачылі, што карані беларускай дзяржавы сягаюць далёка ў мінулае і што нам ёсць чым ганарыцца. Мы, дарэчы, дамовіліся аб сустрэчы найбліжэйшым часам з кіраўніцтвам Нацыянальнай акадэміі навук, дзе будзем гаварыць не толькі пра пытанні эканамічнага і палітычнага ўзаемадзеяння, але і пра пытанні ўзаемадзеяння па гістарычнай тэматыцы. Лічу, што мы павінныя зрабіць так, каб гісторыя наша была аб'ектыўная, каб наш народ бачыў, што мы з'яўляемся дзяржавай з вялікімі даўнімі традыцыямі”.
І таму, дадаў Уладзімір Макей, адкрыццё мемарыяльнай дошкі на месцы размяшчэння ў 1919 годзе Камісарыята па замежных справах Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь з’яўляецца “знакавай падзеяй у гэтым кантэксце аднаўлення гістарычнай справядлівасці”.
Фота Змітра Лукашука