Мальцаў: Для малога памежнага руху з Літвой і Польшчай патрэбны трыльён рублёў

Мальцаў: Для малога памежнага руху з Літвой і Польшчай патрэбны трыльён рублёў

Старшыня Памежнага камітэта Беларусі Леанід Мальцаў патлумачыў, чаму Беларусь дагэтуль не адкрыла малы памежны рух (МПР) з Літвой і Польшчай і калі гэтага можна чакаць.

Даведка: Малы памежны рух — магчымасць бязвізавага перамяшчэння праз мяжу і пражывання ў памежнай зоне. МПР прадугледжвае спрошчаны рэжым перасячэння мяжы для жыхароў памежнай зоны, якая распаўсюджваецца на 30-50 км ад мяжы. Для наведвання суседняй краіны замест візы консульствы выдаюць спецыяльныя пасведчанні на 1 год цаной 20 еўра. Па такім дазволе магчыма наведваць толькі 30-50-кіламетровую зону суседняй краіны, не далей за яе.

Пагадненне аб малым памежным руху было падпісанае з Польшчай у 2010 годзе, з Літвой — у 2011 годзе. Нашы суседзі гатовыя да запуску МПР, Беларусь пакуль дакумент не ратыфікуе. З Латвіяй рух працуе ўжо 3 гады. З беларускага боку пад дзеянне МПР трапілі Браслаў, Мёры, з латвійскага — Дзвінск (Даўгаўпілс). За 2014 год беларусы атрымалі больш за 1260 дазволаў. З латвійскага боку магчымасць спрошчанага перасячэння мяжы карыстаецца большай папулярнасцю.​

Карта: novisa.by
Мальцаў: Для малога памежнага руху з Літвой і Польшчай патрэбны трыльён рублёў

Паводле слоў Мальцава, пад дзеянне МПР трапляе больш за 3 мільёны жыхароў Беларусі, Літвы і Польшчы. З іх 600 тысяч беларусаў — на літоўскім кірунку, 1,1 мільёна — на польскім. Для параўнання: у Польшчы рухам могуць скарыстацца 600 тысяч чалавек, у Літве — 800 тысяч. І калі толькі дзясятая іх частка будзе перасякаць мяжу адзін раз на месяц, нагрузка на пункты пропуску павялічыцца на 30%. А па некаторых ацэнках — на 70%.

Для такой нагрузкі неабходна адаптаваць інфраструктуру, мяркуе Мальцаў. Напрыклад, на мяжы з Літвой і Польшчай працуе 26 памежных пераходаў. Але з іх толькі 24 пасуюць для МПР. Ды і іх фактычная прапускная здольнасць моцна перавышае праектную.

Рэканструкцыя памежных пераходаў і стварэнне патрэбнай інфраструктуры для паўнавартаснага малога памежнага руху патрабуе каля 1 трыльёна рублёў. А тэрмін іх асваення складае не менш за 2 гады.

Акрамя гэтага спатрэбіцца павелічэнне штата памежнікаў і мытнікаў. Толькі памежнікам спатрэбіцца яшчэ 300 супрацоўнікаў.

Леанід Мальцаў дадае, што МПР на мяжы з Латвіяй, які дзейнічае з 2012 года, было арганізаваць значна прасцей. На гэтых тэрыторыях жыве значна меней людзей. Напрыклад, беларускі бок тут у 16 разоў менш населены, чым на польскім памежжы, і ў 9 разоў менш, чым на літоўскім. А актыўнасць руху там значна ніжэйшая, цытуе словы старшыні Памежнага камітэта sb.by.

Мальцаў: Для малога памежнага руху з Літвой і Польшчай патрэбны трыльён рублёў
Фота: grodnonews.by

Палітолаг Андрэй Елісееў адзначае, што аргумент пра недасканалую інфраструктуру вельмі дзіўны.

“Пяць гадоў таму, калі падпісвалася гэтае пагадненне з Літвой і Польшчай, беларускі бок ведаў, на што ішоў. То бок калі не было імкнення дапрацаваць памежную інфраструктуру ці намеру знайсці патрэбныя грошы на гэта, навошта гэтыя пагадненні заключаліся?” — цікавіцца палітолаг.

Больш за тое, у 2011 годзе беларускія чыноўнікі заяўлялі, што збіраюцца запусціць МПР з Літвой і Польшчай пасля таго, як “абкатаюць” гэтае пагадненне з Латвіяй. Але на дадзены момант з Латвіяй такі рэжым дзейнічае ўжо больш за тры гады.

Асцярогі, што вялікая колькасць людзей адразу пачне перасякаць мяжу, не вельмі апраўданыя, мяркуе Андрэй Елісееў.

“Далёка не кожны чалавек, які жыве ў памежжы, будзе мець права на спецыяльны пропуск. Бо трэба ж будзе сабраць пэўныя дакументы, даказаць патрэбу ў перамяшчэнні праз мяжу”.

Колькасць выдадзеных пропускаў магла б рэгулявацца консульствамі ў залежнасці ад штату і гатоўнасці інфраструктуры.

Палітолаг дадае, што Еўрапейскі саюз выдае шмат грантаў на дапамогу па рэканструкцыі памежнай інфраструктуры. І супрацоўніцтва па пераходах не прыпынялася нават у 2011 і 2012 гадах, калі адносіны паміж Беларуссю і ЕС пагаршаліся.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі