"Месяц будзе складаны" — палітзняволеная Ксенія Луцкіна пра настрой перад судом
Ксенія Луцкіна / фота з сацсетак
Месяц будзе складаны, піша з СІЗА палітзняволеная журналістка Ксенія Луцкіна. 1 верасня ў Мінскім гарадскім судзе пачынаецца суд над ёй. Луцкіну абвінавачваюць у "змове ці іншых дзеяннях, здзейсненых з мэтай захопу дзяржаўнай улады". Журналістцы пагражае ад 8 да 12 гадоў пазбаўлення волі.
"Мне вельмі няпроста. Час робіць сваю справу, казаць, што ўсё лёгка і проста — хлусіць, а я гэтага рабіць не ўмею. Збіраюся з сіламі, каб ісці далей", — прыводзяць вытрымкі з ліста Ксеніі праваабаронцы.
Па словах журналісткі, яна вельмі сумуе па сыне. "Гэта проста несціханы боль. Не дай Бог нікому гэтага перажыць", — піша яна. Пры гэтым яна не страчвае надзеі і верыць, што "ўсё неяк уладкуецца, што ўсё будзе добра".
Луцкіну затрымалі ў снежні 2020 года. Раней яна працавала на Беларускім тэлебачанні, але сышла адтуль на хвалі пратэстаў, далучылася да Каардынацыйнай рады. Супрацоўніцтва з КР і стала падставай для завядзення супраць яе крымінальнай справы. У зняволенні ў яе абвастрыліся праблемы са здароўем — пачала расці пухліна ў галаўным мозгу. Вядома таксама, што Ксенія адмовілася пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.