Мігранты падалі ў суд на Польшчу — пры чым тут Беларусь?

Мігрант на польска-беларускай мяжы ў 2021 годзе

Мігрант на польска-беларускай мяжы ў 2021 годзе / Gazeta Wyborcza

У лютым Еўрапейскі суд па правах чалавека (ЕСПЧ) разгледзіць позву супраць Польшчы, Літвы і Латвіі. Яе падалі мігранты, якія былі прымусова вернутыя на беларускі бок падчас спробы патрапіць на тэрыторыю ЕС. Справа мае назву "R.A. і іншыя супраць Польшчы" — па ініцыялах аднаго з заяўнікоў, піша выданне MOST.

Камісар Рады Еўропы па правах чалавека Майкл О’Флаэрці апублікаваў каментары па гэтай справе. І маштаб запытаў на прытулак, пра які вядзецца ў дакуменце, уражвае. З 2021 па 23-і год іх было 17 тысяч. Сёлета арганізацыі, якія займаюцца дапамогай мігрантам, атрымалі каля 4 тысяч заяваў.

Адзначаецца, што Польшча фактычна блакуе доступ мігрантаў да працэдуры міжнароднай абароны. А пушбэкі — то бок, прымусовае вяртанне ўцекачоў — недапушчальныя без індывідуальнага разгляду справы кожнага мігранта, паколькі гэта супярэчыць міжнароднаму праву. О’Флаэрці таксама непакояць умовы, у якіх мігранты аказваюцца на мяжы — без ежы, медыцынскай дапамогі і даху над галавой.

Пры гэтым еўрачыноўнік прызнае, што Беларусь інструменталізуе нелегальную міграцыю. На яго думку, улады краіны падахвочваюць ці прымушаюць мігрантаў перасякаць мяжу і ствараюць тым самым сур'ёзныя праблемы. Гэтыя дзеянні, мяркуе О’Флаэрці, эксплуатуюць людзей, ставячы іх у вельмі ўразлівае становішча. 

Згодна з інфармацыяй Polsatnews, да скаргі ў ЕСПЧ маюць дачыненне 32 грамадзяніна Афганістана, якія перасеклі беларуска-польскую мяжу ў 2021 годзе і былі затрыманыя польскімі службамі. Тыя не дазволілі ім пакінуць памежную тэрыторыю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі