Мікалай Чырскі: Штрафаваць прапаную перш за ўсё замежных экскурсаводаў

Мікалай Чырскі: Штрафаваць прапаную перш за ўсё замежных экскурсаводаў

На пасяджэнні круглага стала па турыстычнай тэматыцы ў Палаце прадстаўнікоў старшыня таварыства экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў Мікалай Чырскі параіў увесці штрафы для нелегальных экскурсаводаў. Сход быў прымеркаваны да будучых зменаў у заканадаўстве. Спадар Чырскі палічыў, што 100 базавых велічынь стануць адэкватным пакараннем парушальнікам закона. Гэтая прапанова выклікала шырокі рэзананс у інтэрнэце. У размове з Еўрарадыё старшыня таварыства экскурсаводаў патлумачыў, што журналісты вырвалі з кантэксту яго словы, а насамрэч, гаворка вялася ў першую чаргу пра замежных экскурсаводаў.

“Я казаў пра тое, што на нашай тэрыторыі праводзяць экскурсіі палякі, расіяне, украінцы, літоўцы і ўсе яны расказваюць гісторыю нашай краіны са свайго пункту гледжання, — кажа Мікалай Чырскі. — Напрыклад, што Магілёўскую і Віцебскую губерніі аддалі ад Расіі Беларусі, палякі кажуць, што іх землі бальшавікі адабралі ў 1939 годзе… Гэта няправільна, што на нашай тэрыторыі праводзяць экскурсіі людзі, якія не жывуць на гэтай зямлі, якія падаюць гістарычныя факты не так, як падае яе беларуская Акадэмія навук”.

Штрафныя санкцыі за правядзенне нелегальных экскурсій, па словах спадара Чырскага, існуюць па ўсім свеце. Выяўленнем парушальнікаў займаюцца адмысловыя турыстычныя паліцэйскія, з'яўленне якіх неабходнае і ў Беларусі.

“Яны будуць размяшчацца на вялікіх турысцкіх аб’ектах, — працягвае Мікалай Чырскі. — Іх навучаць, як знаходзіць парушальнікаў. Тым больш, у кожнага экскурсавода ёсць апазнавальныя знакі, ідэнтыфікацыйныя бэджы, якія паказваюць, што я маю права на правядзенне экскурсіі, здаў тэкст сваёй экскурсіі і ён залічаны дзяржавай”.

Пры гэтым новаўвядзенні не павінны закрануць простых грамадзян, якія падчас шпацыру са сваімі сябрамі распавядаюць пра гістарычныя помнікі горада. Бо тут гаворка не вядзецца пра камерцыйную дзейнасць. А вось школьныя настаўніцы, якія прывозяць класы ў гістарычныя месцы і ладзяць уласныя экскурсіі, на думку старшыні таварыства экскурсаводаў, усё ж парушаюць закон, нават калі робяць гэта бясплатна.

“Яны ж не ведаюць экскурсійнай методыкі, трэба гэтаму вучыцца, — тлумачыць Мікалай Чырскі. — Калі ўжо так хочуць, то няхай ідуць на курсы, праходзяць атэстацыю — і калі ласка, працуйце! Сёння гэта не так складана зрабіць”.

Старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч лічыць, што ліцэнзаванне павінна адбывацца толькі ў тых сферах эканамічнай дзейнасці, якія могуць паўплываць на бяспеку ці здароўе грамадзян. А ўсё астатняе павінна вызначацца рынкавымі ўмовамі.

“Калі экскурсавод непрахадзімы тупіца, то хоць з ног да галавы абляпі яго ліцэнзіямі, але якасць экскурсіі гэта не павысіць, — тлумачыць спадар Астаповіч. — Калі ж экскурсію праводзіць спецыяліст у галіне гісторыі, архітэктуры, краязнаўства, які цудоўна валовае матэрыялам, які можа гэты матэрыял падаць, але пры гэтым не мае ліцэнзіі, то што, яго за гэта трэба караць?”

На думку Антона Астаповіча, ліцэнзія экскурсавода з’яўляецца не больш чым паперкай. І гэтую тэму можна было б працягваць, калі б размова ішла пра незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць, але гэтым мусяць займацца ўжо падатковыя службы.

“Спачатку паставяць пад татальны кантроль усю экскурсаводчую галіну праз вось гэтае ліцэнзаванне, праз атрыманне гэтага пасведчання, — абураецца Антон Астаповіч. — Абмяжуюць правядзенне экскурсій сертыфікаванымі спецыялістамі, а наступным крокам, я больш, чым перакананы, будзе цэнзура. А вось гэта для мяне недапушчальна!”

Па словах Антона Астаповіча, за мяжой ад практыкі ліцэнзавання экскурсаводаў ды так званай турыстычнай паліцыі паступова адмаўляюцца. Сам старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры без праблем ладзіць экскурсіі ў суседніх Польшчы ды Украіне і ніякіх ліцэнзій там не патрабуюць.

Фота: afisha.tut.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі