Мінаховы здароўя — пра Бешанковічы: не выключаная вострая кішачная інфекцыя

Мінаховы здароўя — пра Бешанковічы: не выключаная вострая кішачная інфекцыя

Міністэрства аховы здароўя Беларусі пракаментавала "санітарна-эпідэміялагічную сітуацыю" ў гарадскім пасёлку Бешанковічы Віцебскай вобласці. У ноч з 29 на 30 сакавіка там здарылася аварыя ў вадаправодных сетках, была часова спынена станцыя абезжалезвання вады "Маладзёжная". Паколькі ваду з-пад крана піць стала немагчыма, улады арганізавалі яе падвоз у цыстэрнах. Ад таго часу там працуюць спецыялісты, якія праводзяць даследаванні і высвятляюць прычыну здарэння. Мясцовыя ўлады ў Бешанковічах заяўляюць, што масавага атручвання вадаправоднай вадой не было. З прыкметамі атручвання ў бальніцы былі 17 чалавек, з іх 13 дзяцей. З іх 7 чалавек (6 дзяцей і 1 дарослага) у чацвер выпісалі.

Мінаховы здароўя паведамляе, што "санітарна-эпідэміялагічнай службай Віцебскай вобласці працягваецца эпідэміялагічнае расследаванне ў сувязі са зваротамі жыхароў... па медыцынскую дапамогу з сімптомамі, якія не выключаюць вострую кішачную інфекцыю". З 31 сакавіка ў Бешанковічах працуюць эксперты "рэспубліканскага ўзроўню" пад кіраўніцтвам намесніка міністра, галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача нашай краіны Аляксандра Тарасенкі. Паводле папярэдніх вынікаў лабараторных даследаванняў, "не выключаная наравірусная этыялогія захворвання". У Міністэрстве аховы здароўя запэўніваюць, што "сітуацыя знаходзіцца на пастаянным кантролі".

А пакуль мясцовая газета "Зара" публікуе "Графік забеспячэння вадой з цыстэрнаў у Бешанковічах на найбліжэйшыя дні".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі